Жыхар раёна, дзе ў Лукашэнкі найбольш галасоў: У нас 3,5 мільёны - добры заробак

Нараўлянскі раён на сёлетніх выбарах стаў чэмпіёнам у сімпатыях да дзейнага кіраўніка краіны. За яго прагаласавала 98,4% выбаршчыкаў. На падліках не было незалежных назіральнікаў. Гэты раён на Гомельшчыне пацярпеў ад аварыя на Чарнобыльскай АЭС.

Тут жывуць 10 тысяч чалавек, з іх працуе 4,5 тысячы.


Глядзім, што ж выдатнага зроблена кіраўніком краіны для людзей у гэтым рэгіёне, каб мець такую падтрымку.

Афіцыйных беспрацоўных у Нароўлі — 47 чалавек.

"Незразумела, чаго яны не хочуць, бо вакансій у нас удвая болей. Заробак на гэтых вакансіях — ёсць 2, ёсць 3 мільёны", — апісваюць у мясцовым упраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны.

Сярэдні заробак у рэгіёне за гэтыя паўгода — 4,9 мільёна. 48 вакансій знаходзім на сайце Мінпрацы, абяцаюць ад 2 да 6 мільёнаў.

Крама прадуктаў каля лякарні ў Нароўлі. Прадавец скардзіцца, набываюць менш прадуктаў, бо падае ўзровень жыцця. Сярэдні чэк на чалавека 150-200 тысяч.

"У асноўным — каўбаса, хлеб, малако. Рыба дрэнна ідзе. Цяпер менш прадуктаў бяруць, у людзей заробкі падаюць. Малака нашмат менш мы сталі замаўляць. Кансервы, салаты не бяруць", — расказвае прадавец.


У мясцовай краме бытавой тэхнікай штодзень робяць да 10 пакупак. У асноўным, швейныя і пральныя машыны, тэлевізары.

"Мы гандлюем тэхнікай. Калі ў людзей нешта ламаецца — набываюць. З буйной тэхнікі да 10 чалавек за дзень. Асабліва на жыццё ў нас людзі не скардзяцца", — апісваюць у краме тэхнікі.

Знаходзім Нараўлянца Аляксандра, які на выбары не хадзіў прынцыпова, "бо няма сэнсу". Ён жыве і праце ў Нароўлі, а добрым заробкам для свайго горада называе 3,5 мільёна:

"У нас сельскагаспадарчы рэгіён. Ды цяпер, відаць, паўсюль толькі сельская гаспадарка і выжывае. 3,5 мільёна — гэта добры ў нас заробак, а то і менш".


18,2% прадпрыемстваў раёна — стратныя. Нараўляншчына мае 235 мільёнаў пратэрмінаваных крэдытаў, па зветсках Белстат. Не за Лукашэнку тут галасавала 60 чалавек на ўвесь раён. Гэта крыху больш за колькасць беспрацоўных.

Фота: finatica.by