Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў, як у СІЗА адзначалі Новы год

Алег Грудзіловіч
Алег Грудзіловіч

Самаробны торт з гарбатай і кавай, адбой і гукі феерверкаў усю ноч. Так апісвае сустрэчу Новага года ў адной з камер СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага журналіст Алег Груздзіловіч. Вытрымкі з яго ліста жонцы публікуе рэдакцыя, дзе Груздзіловіч працаваў.

"Вось як было тут: дзесьці ў 8 вечара прыходзіла праверка і заадно павіншавалі. Каля 9-ці ў нас быў самаробны торт з гарбатай/кавай. Крыху пагаманілі. Паслухалі зварот аднаго дзеяча да сядзельцаў камеры № 89 — прыблізна як Ельцын гаварыў у 1999 годзе. Адбой. Хутка пачаліся грымоты феерверкаў, і так хвалямі дзесьці да 4 раніцы. А ў 6 пад'ём. Але я ўсё ж больш-менш выспаўся", — расказвае Алег Груздзіловіч.

Яшчэ ён піша пра шпацыры. Да пачатку студзеня ў яго была магчымасць выходзіць і дыхаць паветрам. Аднак затым адміністрацыя вярнула правіла, згодна з якім на шпацыр павінныя ісці ўсе насельнікі камеры. Калі ж хтосьці супраць, не ідзе ніхто. Частка сукамернікаў Груздзіловіча пачала адмаўляцца выходзіць на прагулкі праз дождж.

"У хлопцаў, мабыць, настрой не той: некаторыя сядзяць больш за год, а я яшчэ поўны аптымізму", — мяркуе журналіст.

Ён дзеліцца ўражаннямі і назіраннямі, якія мог рабіць па дарозе на шпацыр: "двойчы бачыў" шпацырную "аўчарку, але даволі мірную, і некалькі галубоў", чуў ката і капеж.

Першы раз Алега Груздзіловіча затрымалі разам з калегамі ў сярэдзіне ліпеня 2021 года. Сілавікі тады прыйшлі ў офіс СМІ, канфіскавалі тэхніку. Журналістаў праз некаторы час адпусцілі. Груздзіловіч правёў пад арыштам 10 сутак. Другі раз яго затрымалі 23 снежня, патлумачылі тым, што яму замянілі меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай. Пазней журналісту выставілі абвінавачванне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК РБ). Праваабаронцы прызналі Алега Груздзіловіча палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі