Жорсткае затрыманне ў Брэсце: выбілі шыбу ў машыне, паклалі ў кайданках на зямлю

Жорсткае затрыманне ў Брэсце: выбілі шыбу ў машыне, паклалі ў кайданках на зямлю

15 чэрвеня ў другой палове дня брэстаўчане сталі відавочцамі жорсткага затрымання на вуліцы Папаніна. Тры аўтамабілі "заціснулі" чацвёрты і прымусова спынілі. Потым з машын выскачылі мужчыны спартовага выгляду, разбілі шыбу ў чацвёртай машыне і вывелі адтуль двух мужчын і дзвюх жанчын. Іх паклалі тварам на зямлю ў кайданках, паведамляе "Віртуальны Брэст".

Відавочцы распавялі, што дзеянне вельмі нагадвала разборкі ў духу 90-х. Аднак высветлілася, што затрыманне на грамадзянскіх аўтамабілях зладзілі супрацоўнікі міліцыі. Прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама пацвердзіла, што аперацыю праводзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў. 

Пасля гэтага міліцыянты забралі ў відавочцаў тэлефоны і прымусілі сцерці фота і відэа з месца здарэння. 

Таксама міліцыянты запрасілі панятых, зрабілі фота- і відэаздымкі працэсу ператрусу, усё запратакаліравалі і запоўнілі неабходныя дакументы. Дарэчы, жанчын пры затрыманні не даглядалі, бок на месцы не было супрацоўнікаў жаночага полу. 

Па словах відавочцаў, затрыманая група магла мець дачыненне да наркагандлю. Перад самым затрыманнем з аўто выкінулі пакет (пазней яго знайшлі і забралі для экспертызы). У самім аўтамабілі былі кусты маку — з каранямі і без. Затрыманыя мужчыны заявілі, што падабралі жанчын і вырашылі іх падвезці. Пры гэтым яны папрасілі вырваць пару кустоў маку. У відавочцаў склалася ўражанне, што аператыўнікаў цікавілі менавіта жанчыны, а мужчыны былі затрыманыя выпадкова. Аднак у пастарунак забралі ўсіх. Акрамя таго, у машыне знайшлі пакет з невядомымі таблеткамі. Затрыманыя мужчыны заявілі, што гэта проста БАДы, але іх таксама адправілі на экспертызу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі