Ж.Літвіна: Улады нахабна навязваюць грамадству сваё ўяўленне пра ролю СМІ

Напачатку канферэнцыі, прысвечанай дэмакратызацыі СМІ ў Беларусі, якая прайшла ў Варшаве 6-7 чэрвеня, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавяла, што канферэнцыя тым больш актуальная ў святле апошніх зменаў Еўропы ў дачыненні да Беларусі і абвастрэння неабвешчанай вайны беларускіх уладаў з незалежнымі СМІ. Гэта першая канферэнцыя такога кшталту, ці ўжо былі падобныя?

Мы арыентаваліся на досвед, які ў нас быў з 2002 года, калі ў Страсбургу ў адну з залаў Савета Еўропы былі запрошаныя прадстаўнікі і афіцыйнага беларускага боку, быў тагачасны міністр Міністэрства інфармацыі і былі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў. У нас была аднолькавая магчымасць выказаць сваё стаўленне да сітуацыі са СМІ. І вось тады асноўным вынікам гэтага слуханне было рашэнне, і міністр інфармацыі даў згоду на тое, што тагачасны законапраект аб СМІ будзе прадастаўлены еўрапейскім экспертам на экспертызу. Гэта быў абсалютна нечаканы вынік тых слуханняў. І сапраўды значны вынік.

Дык гэты законапраект у рэшце рэшт разгледзелі?

На жаль, той законапраект так і не быў прадастаўлены на экспертызу. Але з іншага боку ён не разглядаўся ў беларускім парламенце і дагэтуль не разглядаецца і не прымаецца. Вось такі быў досвед.

Чаму патрэба правесці наступную падобную канферэнцыю ўзнікла менавіта зараз?

З улікам таго, што за апошнія гады, вось за гэты час, што прайшоў з тых слуханняў, сітуацыя проста катастрафічна пагоршылася, проста ўзнікла патрэба яшчэ раз вярнуцца да слуханняў, яшчэ раз прыцягнуць увагу да ўсіх праблемаў на Беларусі, якія звязаныя з дзейнасцю незалежных СМІ, са свабодай слова. Тым больш, падавалася, што гэта кладзецца ў кантэкст зменаў у палітыцы ў дачыненні да Беларусі, пошук кантакту, пошук дыялогу, магчымасцяў дыялогу. Зноў-такі актуальнае пытанне вяртанне Беларусі статуса ў Парламенцкай асаблеі Савета Еўропы.

Хто сёння тут прысутнічае?

Асноўная ініцыятыва па правядзенні канферэнцыі выходзіла ад Канферэнцыі НДА Савета Еўропы і падкамітэта сродкаў масавай інфармацыі, які ўзначальвае Эндру Макінтош.

А ад беларускіх уладаў, з Міністэрства інфармацыі хто-небудзь прысутнічае?

Вось гэта самае балючае пытанне, таму што сёння яны тут афіцыйна не прысутнічаюць. Ну, гэта і зразумела, таму што гэта не фармат класічных слуханняў, а гэта канферэнцыя. Канферэнцыя ў праве сфармуляваць патрабаванні, прыняць дакументы і далей прапанаваць іх да разгляду беларускаму боку.

Якія вынікі акрамя рэзалюцыі мусяць быць у канферэнцыі?

Чарговы крок, я лічу яго вельмі важным, калі б нам падчас гэтай канферэнцыі ўдалося дасягнуць згоды на стварэнне еўрапейскай назіральнай рады па сітуацыі са СМІ ў Беларусі. То бок нам на сёння патрэбна дапамога і супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы маніторынгу, экспертызы.

Вы казалі, што сітуацыя са СМІ ў Беларусі значна пагоршылася за апошнія гады. Што гэта значыць?

Нашыя ўлады абсалютна нахабна навязваюць грамадству сваё ўляўленне пра ролю і месца сродкаў масавай інфармацыі ў грамадстве. І вось гэтыя несупадзенні ў пэўных выпадках проста страшэнна раздражняюць. Калі навідавоку сітуацыя прымянення палітыкі эканамічнай дыскрымінацыі ў дачыненні да незалежнай прэсы.

Напрыклад?

Чытаю інтэрв’ю з нагоды ўручэння ордэна Францыска Скарыны міністру інфармацыі Русакевічу. Ён гаворыць, што два з першых дасягненняў галіны: тое, што ў нас створаныя роўныя эканамічныя ўмовы для дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі з рознай формай уласнасцці, і што ў інфармацыйнай прасторы сёння дамінуюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Гэта абсалютна ганебная з’ява. Гэта тое, чаго трэба саромецца.

Дык усё ж такі, сапраўднае становішча незалежных СМІ ў Беларусі?

Тыя газеты, якія засталіся, яны без праву распаўсюду. 13 выданняў не могуць распаўсюджвацца паз падпіску. 16 выданняў з праблемамі продажу праз кіёскі. І таму мы патрабуем вяртанне ў беларускія друкарні са Смаленска газеты “Народная Воля” і “Товарищ”. Мы патрабуем сёння адмены гэтай забароны на распаўсюд недзяржаўнай прэсы. І на сёння вельмі актуальная праблема, гэта заяўны прынцып акрэдытацыі журналістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі