Заяву аб змене Дабравешчанскага касцёлу прокуратура "адфутболіла"

Клецкая раённая пракуратура пераадрасавала ў Міністэрства культуры ліст старшыні Беларускага добраахвотнага грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча з патрабаваннем адкрыць крымінальную справу па факце змены аблічча Дабравешчанскага касцёла ў Клецку. Дабравешчанскі касцёл пры былым манастыры дамініканцаў, якую ўлады аддалі ва ўласнасць Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, з'яўляецца помнікам архітэктуры позняга барока XVII ст. I катэгорыі. У цаглянага касцёла, збудаванага ў 1683 г., даволі складаная гісторыя. Пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гг. рускія акупацыйныя ўлады адабралі храм у каталікоў і перадалі праваслаўным. У перыяд знаходжання горада ў складзе Польшчы касцёл быў вернуты каталікам, а пасля Другой сусветнай вайны — зачынены. У савецкія гады будынак быў пашкоджаны неаднаразовымі перабудовамі: яго прыстасавалі пад філіял механічнага завода, а потым — пад інтэрнат. Толькі ў пачатку 1990-х гадоў храм вярнулі вернікам.

У пачатку лістапада сёлета на касцёле ўсталявалі купалы-цыбуліны, змяніўшы такім чынам яго аўтэнтычнае аблічча. Гэта адбылося нягледзячы на шматлікія звароты А.Астаповіча ў пракуратуру Менскай вобласці, Мінкульт, мясцовыя органы выканаўчай улады, Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы, а таксама асабіста да святара Клецкага праваслаўнага прыходу Ўваскрашэнняа Матфея Сіўца. Было таксама пісьмовае папярэджанне Мінкульта мясцовым органам улады аб незаконнасці ўсталёўкі купалаў.


На думку А.Астаповіча, падобныя дзеянні падпадаюць пад артыкул 344 Крымінальнага кодэкса Беларусі (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб'ектаў, якім можа быць прысвоены статут гісторыка-культурнай каштоўнасці). У сувязі з гэтым ён і звярнуўся ў Клецкую раённую пракуратуру з заявай аб пачатку крымінальнай справы.

Рэакцыю пракуратуры, якая пераадрасавала яго заяву ў Мінкульт, сп. Астаповіч расцэньвае як спробу "прыкрыць пазапраўныя дзеянні Матфея Сіўца і мясцовых органаў улады, з дазволу якой было змененае аблічча святыні".

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі