"Заўзятар са сцягам" Вянгерскі: Палітычны прытулак прасіць не збіраюся

 "Заўзятар са сцягам" Вянгерскі: Палітычны прытулак прасіць не збіраюся

Аляксандр Вянгерскі, у якога футбольны клуб БАТЭ адсудзіў 5000 еўра, знаходзіцца за мяжой, але плануе вярнуцца на радзіму, калі заробіць грошы. Пра гэта хлопец распавёў “Народнай Волі”.

Нагадаем, што падчас матча Лігі Еўропы паміж БАТЭ і лонданскім “Арсеналам” Вянгерскі выбег на поле з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам. Яго асудзілі на 10 сутак, прызнаўшы вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы. УЕФА аштрафавала БАТЭ за ўчынак заўзятара на 5 тысяч еўра.

Гэтую суму, як паведамляла Еўрарадыё, 29 снежня БАТЭ адсудзіла ў Вянгерскага. 
 
Сам хлопец знаходзіцца за мяжой. Раней ён казаў, што грошы выплаціць, але аддасць іх не БАТЭ, а аднаму з дзіцячых дамоў. 

У каментары "Народнай Волі" Вянгерскі назваў рашэнне суда прадказальным. "Паўтаруся, не буду нічога выплочваць футбольнаму клубу. Няхай вылічваюць грошы з маіх заробкаў, яшчэ нейкім чынам спаганяюць", — дадаў ён. 

Хлопец не стаў называць краіну, у якой ён знаходзіцца, але паведаміў, што працуе дальнабойшчыкам. 

"У месяц “чыстымі” атрымліваецца дзесьці 1200-1300 еўра, таму неабходную суму для дзіцячага дома праз некалькі месяцаў можна лёгка назбіраць. Думаю, за 5-6 месяцаў гэта ўдасца зрабіць, калі з працай не ўзнікне складанасцей", — дзеліцца ён сваімі разлікамі.

Вянгерскі абяцае пасля гэтага вярнуцца ў Беларусь і запэўнівае, што не меў нават намеру прасіць палітычны прытулак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі