Заўтра пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў

Паводле звестак на 9 лютага, па ўсёй краіне іх было амаль 17 тысяч, а сярод іх больш за 8 тысяч дзейных дэпутатаў. Яны вылучаліся шляхам збору подпісаў, ад працоўных калектываў ці палітычных партый.





Ці будуць безальтэрнатыўныя акругі? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Яна мяркуе, што яны могуць быць пераважна ў вёсках, дзе існуе праблема ў кадрах. Але гэтая сітуацыя не ўплывае на актыўнасць выбарцаў, паколькі вяскоўцы і так ходзяць на выбары, кажа Ярмошына.





Лідзія Ярмошына: "Што датычыць Мінска, дык нават за тыдзень да завяршэння працэса падачы дакументаў ужо ёсць выбарчыя акругі, дзе па пяць кандыдатаў вылучана. Праўда, ёсць і некалькі безальтэрнатыўных акруг. Прынамсі пяць акруг па горадзе Мінску дзесяць дзён таму былі безальтэрнатыўнымі. Але я думаю, што гэтага не будзе на завяршаючым этапе. А так звесткі мы зможам даць толькі ў сераду раніцай".





Нагадаем, што перадвыбарчая агітацыя пачнецца ад дня рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты. Яна працягнецца да 22 сакавіка. Дзень выбараў у мясцовыя саветы прызначаны на 23 сакавіка.

 

Фота — bymedia.net