Затрыманых праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода судзяць у РАУС

Затрыманых праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода судзяць у РАУС

У Брэсце пачаліся суды над затрыманымі праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. Як перадае Радыё "Свабода", суды праходзяць непасрэдна ў Ленінскім РАУС Брэста. На іх не пусцілі нават сваякоў затрыманых.

Штрафамі былі пакараныя два затрыманыя актывісты. Мікалай Трацюк аштрафаваны на 255 рублёў (10 базавых велічыняў) за акцыю 14 красавіка, а Алег Ярмоленка — на 765 рублёў (30 базавых) за акцыю 7 красавіка. За няяўку ў міліцыю па позве (позва была выпісана на час, калі праходзіла акцыя пратэсту) аштрафаваны на 25,5 рубля (1 базавую велічыню) Дзмітрый Бекалюк.

Усе справы пратэстоўцаў разглядае суддзя Ленінскага суда Брэста Аляксандар Семянчук.

Агулам разглядаліся справы ад 14 да 16 чалавек, праваабаронцы яшчэ ўдакладняюць звесткі. Некаторыя працэсы перанеслі, бо затрыманыя хадайнічалі, каб ім далі магчымасць падпісаць дамовы з адвакатамі і даць час на знаёмства са справамі.

Праваабаронца Раман Кісляк бачыць парушэнне ў такіх пасяджэннях судоў у РАУС. Ён лічыць, што фактычна працэсы былі закрытымі, што парушае Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У пятніцу, 12 красавіка, міліцыя затрымала 9 чалавек, якія прыйшлі ў Ленінскі РАУС з позвамі. 14 красавіка на пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Брэсце выйшла не менш за 200 чалавек. Яны прайшлі па цэнтры горада з лозунгамі "Не — заводу!" і "Свабоду!" Падчас акцыі міліцыянты, супрацоўнікі АМАП выхоплівалі з калоны найбольш актыўных дэманстрантаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі