Вы тут

“Зарабляю з 12-ці гадоў". Як школьнікі здымаюцца для часопісаў і пішуць праграмы

Фота з сацыяльных сетак Уладзіслава Гадалава і Лізы Мартынчык

Знаёмцеся: Ліза — мадэль, удзельнічае ў паказах Calvin Klein ды Roberto Cavalli, здымаецца для Teen Vogue, instagram-блогерка. Уладзіслаў — праграміст, пераможца навукова-інжынернага конкурсу Intel ISEF у Лос-Анжэлесе, супрацоўнічае з Cern (Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях). Ліза і Улад, як і многія іх аднагодкі, ужо некалькі гадоў самі сябе забяспечваюць і зарабляюць больш, чым многія беларусы.

Як змяніліся адносіны з бацькамі, што думаюць пра іх поспехі аднакласнікі і бацькі, з кім прасцей дамовіцца, з настаўнікам ці працадаўцам, Ліза і Улад распавядаюць Еўрарадыё.

 

Ліза Мартынчык, 17 гадоў, мадэль, уваходзіць у топ самых папулярных беларускіх instagram-блогераў

У 13 гадоў з лепшай сяброўкай гарталі розныя фота ў інтэрнэце і вырашылі закінуць свае фотаздымкі на сайт мадэльнага агенцтва Сяргея Нагорнага. Я з самага дзяцінства абажала фатаграфавацца. Мне пазванілі і запрасілі на асабістую сустрэчу, пасля гэтага адразу заключылі кантракт. А сяброўка вучыцца ў каледжы... 

Зарабляць стала з 14-ці гадоў — менавіта тады ўпершыню паехала на здымкі ў Токіа... Тое, колькі цяпер зарабляю, залежыць ад запатрабаванасці майго тыпажу ў пэўны сезон года, ад краіны, месца, ад шмат чаго. Ты ніколі не ведаеш, колькі будзеш мець заўтра: можаш увогуле нічога не зарабіць, а можаш — добрую суму, і набыць сабе нешта прыемнае. Увогуле, у маёй сферы заробак ніяк не залежыць ад узросту, таму я зарабляю столькі ж, колькі і паўналетнія мадэлі. 

Думаю, усе бацькі будуць рады, калі іх дзеці змогуць самі забяспечыць сябе ды яшчэ і ім дапамагаць. Я не тое, што даю ім грошы, але заўсёды прыводжу са сваіх працоўных паездак падарункі, вопратку. Заўсёды спрабую хоць нечым дапамагчы. Натуральна, што нашы адносіны змяніліся. Я стала больш самастойная, але пры гэтым ім стала цяжэй мяне кантраляваць.

 

“Калі ты, такі дарослы чалавек, вяртаешся ў школу, а да цябе там ставяцца, як да дзіцяці, даводзіцца няпроста”

 

Калі ў мяне была тэрміновая праца і трэба было ляцець на здымкі, я ў любы момант магла прыйсці да дырэктара школы, проста паразмаўляць з ім. Ён заўсёды па-чалавечы мяне падтрымліваў. Я альбо здавала ўсё загадзя, альбо прыязджала, брала рэпетытараў, хуценька ўсё наганяла і здавала, як усе дзеці ў маёй школе. Мая справа ніяк не адбілася на навучанні. Цяпер вучуся на завочным. Думаю, што калі ўзнікнуць падобныя пытанні ва ўніверсітэце, яны таксама вырашацца.

Працадаўца ставіцца да цябе, як да сур'ёзнага дарослага чалавека. І вось калі ты, такі дарослы чалавек, вяртаешся ў школу, а да цябе там ставяцца, як да дзіцяці, даводзіцца няпроста. З іншага боку, я стала паважаць настаўнікаў, разумець, што такое праца. Але яны не маглі мяне ўспрымаць, як дарослую.

Хто хоча плаціць падаткі? Хто хоча аддаваць свае грошы!? Падаткі — гэта нашы грошы, без іх я б зарабляла больш. Таму я не хачу плаціць падаткі.

 

Заўсёды знойдзецца чалавек, які напіша: "Якія жахлівыя бровы!"

 

У мяне каля 300 тысяч падпісчыкаў. Яны пачалі прыходзіць, калі мне было 14 гадоў. Тады быў найбольшы наплыў, за месяц прыйшло 40 ці 50 тысяч. Па інтэрнэце разляцелася карцінка з маім тварам і подпісам кшталту: "Ёй 14 гадоў, але яна ўжо жыве ў Токіа і зарабляе грошы". Цяпер мае фота ў топе, людзі бачаць іх і падпісваюцца далей. Чым бяру? Вядома, я стараюся рабіць прыгожыя фота, сачу за сваім профілем, але ўсе, напэўна, падпісваюцца з-за твару, бо я працую мадэллю. Вельмі шмат было каментарыяў наконт броваў. Заўсёды знойдзецца чалавек, які напіша: "Якія жахлівыя бровы!".

У Івацэвічах жыве 25 тысяч чалавек, там усе вядомыя, усе адно аднаго ведаюць. А ў Мінску да мяне падыходзяць на вуліцах сфатаграфавацца. Магчыма, гэта нейкі паказчык папулярнасці. Самая вялікая мара — паказы ў Chanel, Yves Saint Laurent, Gucci. Усё хутка будзе.

Ліза разам з мамай Ірынай падчас апошняй лінейкі ў школе №3 Івацэвічаў

Маці Лізы, Ірына, успрымае кар'еру Лізы ў мадэльным бізнесе як хобі

 

Забараняць і абмяжоўваць — гэта не ўплывае на светапогляд. А калі ты тлумачыш, што так быць мусіць, а так — не, тады ў дзіцяці фарміруецца правільны пункт гледжання. Так, яна з'язджала ў 14 гадоў, мы яе не кантралявалі ў паездках. Але, калі дзіця хоча рабіць нешта кепскае, то яно будзе гэта рабіць і дома. Няма розніцы... Тое, што яна зарабляе грошы — гэта яе кішэнныя грошы. Гэта не кажа пра тое, што яна самастойна мусіць жыць і самастойна весці гаспадарку. Гэта яе дадатковыя магчымасці. Іх больш, чым у яе аднагодак. Нейкі час я супраціўлялася яе занятку. Марыла, каб яна атрымала сур'ёзную спецыяльнасць, таму яна і пайшла на бізнес-адміністраванне, бо мусіць быць гарантыя стабільнай будучыні. Але я дала ёй магчымасць, каб потым не было прэтэнзій. Разглядаю гэта, хутчэй, як яе хобі.

 

Уладзіслаў Гадалаў, 18 гадоў, праграміст, стваральнік AirPhone — смартфона новага пакалення

Зарабляю з 12-ці гадоў. Пачынаў са стварэння просценькіх вэб-сайтаў, потым гэта перайшло ў сістэмны софт. Цяпер займаюся матэматыкай, падрабязна вывучаю нейронныя сеткі а таксама планую рэалізаваць праект, звязаны з біямедыцынскай інфарматыкай. Для мяне галоўнае — прапанаваць свету нешта новае. Хачу стварыць прадукт, які зможа ў нейкай галіне змяніць вектар развіцця. 

Зарабляю дастаткова для камфортнай жыццядзейнасці. Грошы ўкладваю ў асноўным у свае новыя праекты і крыптавалюту. Лічу, што самыя эфектыўныя ўкладанні — менавіта ў свае ідэі, у тое новае, што ты можаш сказаць свету. Увогуле, мае прыбыткі такія ж, як і ў дарослых беларусаў.  

Натуральна, бацькам падабаецца, што я нешта зарабляю. Мы часта на нешта скідваемся, калі трэба тое-сёе набыць. З таго моманту, як адпала неабходнасць прасіць у іх грошы, змянілася ўсё — ад пакупкі сабе нейкіх рэчаў да далікатэсаў у ежы. Я стаў свабодны. І гэта крута.

 

“Я непрыемны вучань і студэнт, бо заўсёды нешта кажу, а гаваркіх не асабліва любяць”

 

Калі трэба рыхтавацца да калоквіумаў ды экзаменаў, а цяпер гэта часта, і паралельна трэба працаваць над сваім праектам, даводзіцца проста менш спаць і больш працаваць. Я не выбіраю нешта адно. Бо ёсць кантракт, нейкія няўстойкі. Часам гэта можа ісці не на карысць вучобе, і нейкі матэрыял даводзіцца наганяць. 

Я непрыемны вучань і студэнт, бо заўсёды нешта кажу, а гаваркіх не асабліва любяць. Але калі казаць пра інвестараў ці бізнесменаў, з імі, наадварот, прасцей. Калі ты умееш выказваць свае думкі хутка і дакладна, гэта дапамагае хутчэй знайсці кантакт. 

Хутчэй, я зайзджошчу сваім аднакласнікам ці аднакурснікам, чым яны мне. Бо пакуль я працую і займаюся даследаваннямі, яны вучацца.

 

“У звычайным рэжыме стараюся працаваць 45 хвілін і 15 адпачываць”

 

Я паважаю законы нашай краіны і законы ЕС, таму, лічу, што падаткі трэба плаціць. Падаткі дапамагаюць развівацца грамадству, сацыяльным праектам. Таму падаткі — гэта крута!

Немагчыма ўвесь час працаваць. Калі рыхтуюся да кантрольнай, ці да спаборніцтваў, магу рашаць задачы па 16 гадзін. Але ў звычайным рэжыме стараюся працаваць 45 хвілін і 15 адпачываць. Калі не так — мозг запарыцца. Гэтыя 15 хвілін стараюся зусім не глядзець у экран. Альбо працую без перапынку, а ўвечары іду гуляць. Але часу вельмі не хапае.

Уладзіслаў разам з мамай Аленай у Санкт-Пецярбургу

Маці Улада, Алена, не ўпэўненая, што Уладу трэба звязваць сябе з навукай

 

Дзяцей не трэба бэсціць, трэба, каб дзіця разумела, што ўсё даецца ў жыцці праз працу. У гэта трэба ўкладваць сілы, здароўе, час — грошы не дастаюцца проста так... Наша сям'я сярэдняя па ўзроўні прыбыткаў. І калі ён хацеў нешта большае, чым мы маглі сабе дазволіць яму даць, то ён не ўкраў, а прыклаў высілкі, працаваў і на гэта зарабіў. У яго атрымалася. Я прапаноўвала яму ісці ў банкаўскую справу, бізнес-адміністраванне, бо я бачу ў яго схільнасці, не ведаю, ці навуковец ён усё ж... Ён вельмі шмат працуе. Вельмі шмат. Перад спаборніцтвамі не спіць, не есць. Не заўсёды ўсё атрымліваецца, і ён вельмі перажывае тады. Але збольшага ён перамагае.

 

Еўрарадыё выказвае падзяку краме KILLTODAY, Эндрусу Ковасу і БДУ.

Галоўнае

Выбар рэдакцыі