Замест псіхолага ва універсітэце Рыта будзе вучыцца на швачку ў калоніі

У гродзенскай пракуратуры вырашылі, што міліцыянты, якія “падставілі” Маргарыту Царан і зрабілі з яе “наркагандлярку”, дзейнічалі правільна, законаў не парушалі і пакаранню не падлягаюць. 4 чэрвеня Маргарыту Царан даставілі для адбыцця пакарання ў гомельскую жаночую калонію. З гродзенскага следчага ізалятара дзяўчыну да месца свайго “жыхарства” на бліжэйшыя 4 гады везлі 5 дзён. Зараз да яе на сустрэчу нікога не пускаюць. Нават маці, Валянціну Царан, якая адначасова з’яўляецца яе абаронцам. Спасылаюцца на каранцін.

Валянціна Царан: “Кажуць, што ў іх каранцін, апрацоўка ідзе пасля дарогі. Яны ж там, відаць, усе разам ехалі, з рознымі бадзягамі. А зараз ад вошай іх пазбаўляюць”.

Студэнтка 1-га курса факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэта Маргарыта Царан стала ахвярай “аператыўнага эксперымента”, які праводзілі супрацоўнікі аддзела па наркакантролі Ленінскага РАУС Гродна. “Палявалі” на наркагандляра Андрэя Здасюка, выкладчыка права, у якога вучылася дзяўчына.

Сябра дзяцінства Андрэй Кісель папрасіў набыць яму ў выкладчыка дозу. Рыта пагадзілася. Калі перадавала 0,28 грама марыхуаны “заказчыку”, яе затрымалі аператыўнікі. Як высветлілася, сябра дзяцінства супрацоўнічаў з міліцыянтамі. Аднойчы яго затрымалі з цыгарэтай марыхуаны, і, каб ухіліцца ад пакарання самому, ён пагадзіўся “падставіць” сяброўку.

У выніку выкладчык-наркагадляр Андрэй Здасюк уцёк за мяжу і знаходзіцца ў міжнародным вышуку, “сябра” атрымаў умоўнае пакаранне за ўжыванне, а Маргарыту Царан асудзілі на 4 гады калоніі.

Хутка Рыту размяркуюць у вызначаны атрад і прызначаць, якой працай яна будзе займацца. Намеснік начальніка гомельскай жаночай калоніі падпалкоўнік Маргарыта Зінкевіч кажа, што хутчэй за ўсё яна будзе працаваць на фабрыцы швачкай. 4 гады больш чым дастаткова, каб дасканала авалодаць гэтай прафесіяй. У адваротным выпадку менавіта праз гэты тэрмін Рыта атрымала б дыплом псіхолага.

6 чэрвеня Еўрапейскаму радыё стала вядома, што следчы пракуратуры Ленінскага раёна Гродна Аляксандр Комлеў скончыў вывучаць матэрыялы справы Маргарыты Царан з пункту гледжання парушэння аператыўнікамі аддзела наркакантролю ў адносінах да яе законнасці. Вынікі для асуджанай і яе маці не суцяшальныя.

Аляксандр Комлеў: “Я праглядзеў прысуд, касацыйную скаргу Царан. Яна была не задаволена, і прысуд пакінуты без змяненняў. Супрацоўнікі міліцыі напісалі свае тлумачэнні. Згодна з імі, парушэнняў ніякіх няма”.

Следчы пракуратуры спасылаецца на матэрыялы справы Маргарыты Царан, дзе яна прызнае, што насамрэч набывала марыхуану.

Аляксандр Комлеў: “Адзінае, яна, нібыта, не ведала, што гэта наркотык. Між тым, пакупніку тлумачыла, як ужываць яго і як ён дзейнічае. Таму вырашана, што супраць міліцыянтаў крымінальную справу распачынаць не будзем. Яны дзейнічалі ў межах законаў аб міліцыі і аператыўнай дзейнасці”.

Пра тое, што ўдзельнічае ў аператыўным эксперыменце, ці інакш – кантрольным закупе, Маргарыта Царан не ведала. Яе выкарысталі, ці проста “падставілі”. Але наркагандляра Андрэя Здасюка так і не затрымалі. Можа, атрымалася б інакш і ён сядзеў бы за кратамі, калі б гэты закуп рабілі самі міліцыянты? Аляксандр Комлеў сцвярджае, што праводзіць кантрольныя закупы міліцыянтам забараняе закон аб аператыўнай дзейнасці.

Аляксандр Комлеў: “А супраць закону не пойдзеш. У амерыканскіх баевіках прыгожа паказваюць, як аператыўнікі праводзяць такія аперацыі. Але як бы гэта выглядала ў нас, ніхто не ведае. Звычайнага чалавека складаней выявіць. Сакрэтнай службы па наркотыках у нас няма”.

Жыццё сапраўды не амерыканскі баявік, і Маргарыта Царан, седзячы ў жаночай калоніі, наўрад ці адчувае сябе яго галоўнай гераіняй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі