За праўдзівасць звестак у "дармаедскіх" спісах будзе персанальная адказнасць

За праўдзівасць звестак у "дармаедскіх" спісах будзе персанальная адказнасць

У заканадаўства аб працаздольных грамадзянах, не занятых у эканоміцы, унесеныя змены, паведамляе БЕЛТА. Адпаведныя новаўвядзенні замацаваныя ў пастанове Саўміна №333 ад 25 траўня 2019 года.

База асобаў, не занятых у эканоміцы, (так званых "дармаедаў") запушчаная 1 снежня 2018 года. Тымі, хто ў яе трапіў, займаюцца камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Людзі, якія застаюцца без працы без аб'ектыўных падстаў і пры гэтым маюць ва ўласнасці кватэры, як нагадвае БЕЛТА, з 1 студзеня абавязаныя аплачваць па поўным тарыфе гарачую ваду. А з 1 кастрычніка ім давядзецца разлічвацца за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.

У спіс "дармаедаў" не будуць уключаць жонак і мужоў чыноўнікаў, прызначаных у міждзяржаўныя органы, а таксама накіраваных на працу за мяжу аташэ па пытаннях абароны пры амбасадзе Беларусі і яго памочніка.

Таксама чыноўнікі мусяць забяспечыць кантакт паміж "дармаедскімі" камісіямі і ваенкаматамі. Яны павінны перадаваць інфармацыю пра людзей, прызваных і адпраўленых у войска або на службу ў рэзерве. Па прызваных і адпраўленых у лютым-траўні звесткі павінныя перадавацца да 20 чэрвеня бягучага года, у жніўні-лістападзе — да 20 снежня бягучага года.

Акрамя таго, уводзіцца персанальная адказнасць чыноўнікаў за падачу дакладнай інфармацыі для базы даных. Яна ўскладаецца на кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання ды іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, старшыняў аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама кіраўнікоў іншых арганізацый, якія падаюць такую ​​інфармацыю. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі