За Нацыянальную бібліятэку з будаўнікамі так і не разлічыліся

І, магчыма, не разлічацца зусім. Еўрарадыё даведалася пра тое, як праходзіў сход крэдытораў, якім не пералічыў грошы Будтрэст №7. Галоўны бухгалтар скардзіцца, што прадпрыемства стратнае, таму грошай няма, і просіць адтэрміноўку па выплатах яшчэ на 10 месяцаў
Прадпрыемствы, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі, не атрымалі ад прыватнага унітарнага прадпрыемства “Біялтэхпрам” грошы за выкананыя мантажныя працы. ПУП “Біялтэхпрам” пасля будаўніцтва бібліятэкі стала банкрутам. Дзевяці крэдыторам прадпрыемства павінна каля 500 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы яму не выплаціў заказчык Будтрэст №7. А Будтрэсту гэтыя грошы не выплочваў галоўны заказчык будаўніцтва.

"Там канчатковае пытанне павінна было быць вырашана пасля першага лістапада. Заставалася каля 800 мільёнаў. Заказчык пакідаў сабе на два гады на выпадак, калі будуць выяўленыя няякасныя працы. Вось прайшло два гады і гэтую суму вярнулі Будтрэсту №7, ён быў завязаны ў падрадных працах", — распавялі Еўрарадыё ў ААТ "Нафтазаводмантаж", якому павінны 116 мільёнаў.

У пачатку лістапада 2009 года пытанне мусіла вырашыцца і будаўнікам грошы абяцалі вярнуць. Але, хоць грошы ўжо паступілі Будтрэсту №7, гэтае горадаўтваральнае прадпрыемства хутка іх "праела" — і нічога не засталося. Цяпер яно просіць адтэрміноўку па выплатах на 10 месяцаў.

"Нічога падобнага не адбылося. Учора быў сход. Аднеслі, і тое частковую аплату на 10 месяцаў. Нам аддадуць толькі 45 працэнтаў пазыкі. І тое, калі аддадуць", — распавялі Еўрарадыё ў ААТ “Прамтэхмантаж”. Гэтаму прадпрыемству павінны самую вялікую суму — 187 мільёнаў рублёў.

З той сумы ў 856 мільёнаў пасля ўсіх выплат (запазычанасці падаткавікам і мытнікам) засталося толькі 170 мільёнаў, якія размяркуюць паміж 9 крэдыторамі пятай чаргі.

"Але там толькі нашых грошай 116 мільёнаў, — кажуць у ААТ "Нафтазаводмантаж". — Нам ад гэтых 170 аддадуць толькі 26 працэнтаў. Мы замест 116-ці атрымаем у лепшым выпадку 25 мільёнаў і тое толькі праз 10 месяцаў".

Усім крэдыторам далі зразумець на апошнім паседжанні, што больш ім нічога чакаць не трэба.

"Нам нічога не свеціць. Максімум 25 мільёнаў і тое ў канцы года", — кажуць на прадпрыемстве "Нафтазаводмантаж".

Такія ж настроі і ў іншых крэдытораў. Ніхто ні на што ўжо не спадзяецца. Адзіная надзея на тое, што справа дойдзе да самых "вярхоў".

Нагадаем, агулам крэдытораў дзевяць. Большасць з іх займалася мантажнымі працамі. Напрыклад, “Магілёўтэхмантаж” займаўся мантажом вокнаў верхняй часткі бібліятэкі, так званых граняў алмаза. А "Нафтазаводмантаж" — непасрэдна ашкляненнем вокнаў.

ААТ "Прамтэхмантаж" (Мінск) — 187 мільёнаў

ААТ "Нафтазаводмантаж" (Наваполацк) — 116 мільёнаў

ААТ "Магілёўтэхмантаж" (Магілёў) — 87 мільёнаў

ПУП "Аўтабелвіка" (Мінск) — 17 мільёнаў

ААТ "Саюзпраммантаж" (Гродна) — 17 мільёнаў

ЗАТ "СМУ77" (Мінск) — 7 мільёнаў

УП "Будтэкс" (Мінск) — 2 мільёны

СТАА "Эмонс Экспедыцыя" (транспартная кампанія) — 1600 еўра

Апошні крэдытор “Трэст-26” мае зусім нязначную суму. Агулам усім крэдыторам могуць вярнуць 170 мільёнаў, а ў суме вінны каля 460 мільёнаў.


Яшчэ па тэме:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі