Вы тут

За кветкі каля мемарыялу Тарайкоўскага лекара аштрафавалі на 5800 рублёў

Народны мемарыял у 2020 годзе / Еўрарадыё

За кветкі, пакладзеныя каля народнага мемарыялу Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску 56-гадовую лекара-кардыёлага Вольгу Карнееву аштрафавалі на 5800 рублёў. Яе пакаралі за "парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў", паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae.

Карнеева паклала кветкі ўдзень 16 траўня. У гэты момант пад'ехаў мікрааўтобус, з якога выйшлі каля сямі амапаўцаў, адзін з якіх здымаў усё на відэа. Жанчыну затрымлівалі адразу чацвёра сілавікоў. У міліцыі склалі пратакол за "несанкцыянаванае пікетаванне". Разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся 17 траўня, прысуд быў вынесены ў аўторак (суддзя — Марыя Ярохіна).

Сваю віну лекар не прызнала. Яна патлумачыла, што калі праходзіла міма мемарыяла, убачыла, што там мала кветак, таму спусцілася ў падземны пераход і купіла букет. Яна паклала кветкі і пайшла далей. "У мяне гуманітарная прафесія — я лекар, — гаварыла яна. — Мне не падабаецца, калі гінуць людзі. Я шаную памяць загінулых, таму і паклала туды кветкі".

Вольга Карнеева заявіла, што сведка-міліцыянер, які прыйшоў у суд, не прымаў удзел у яе затрыманні, бо затрымлівалі яе амапаўцы. У матэрыялах справы ёсць памылкі: замест фактычнага месца затрымання на вуліцы Сердзіча, напісалі вуліцу Пушкінскую. Тым не менш, жанчыну аштрафавалі.

Пратэстовец Аляксандр Тарайкоўскі быў застрэлены сілавіком 10 жніўня 2020-га падчас пратэстаў каля метро "Пушкінская". Крымінальнай справы няма дагэтуль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.