Вы тут

За беларускага студэнта заступіліся 15 акадэмікаў Расійскай акадэміі навук

Арцём Баярскі / фота з сямейнага архіву

47 чальцоў Расійскай акадэміі навук падпісаліся пад адкрытым лістом з нагоды пераследу беларускага студэнта Арцёма Баярскага. Як перадае Радыё "Свабода", сярод іх 15 акадэмікаў, 26 членаў-карэспандэнтаў і 6 прафесараў.

Ліст адрасаваны генпракурору Беларусі Андрэю Шведу і старшыні Мінскага гарадскога суда Тацяне Тупік.

Навукоўцы пішуць, што яны глыбока занепакоеныя пераследам свайго калегі Арцёма Баярскага. Яны звяртаюць увагу, што Арцёму з сакавіка "не перадаюць падручнікі, не дастаўляюць лісты, не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу". Асаблівую ўвагу яны звяртаюць на паведамленні пра збіццё студэнта. 

Навукоўцы просяць вызваліць Арцёма Баярскага з-пад варты і заяўляюць, што працягнуць сачыць за яго справай.

Навукоўцы, якія падпісаліся пад лістом, належаць да клуба "1 ліпеня" — гэта нефармальнае аб'яднанне акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, не згодных з рэформай Расійскай акадэміі навук. Аб'яднанне існуе з 2013 года.

20-гадовы Арцём Баярскі быў студэнтам хімічнага факультэта БДУ. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах па хіміі. У жніўні 2020-га хлопец, як і сотня іншых, адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі на знак пратэсту супраць падзей у краіне. Пасля затрымання яго выключылі з БДУ. 

У лістападзе 2020-га Баярскага арыштавалі на 15 сутак. 24 сакавіка 2021 года яго затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе яго інтэрната. Спярша хлопцу прысудзілі адміністрацыйны арышт, а потым пачалі крымінальную справу — за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (за гэта пагражае да 7 гадоў калоніі). Міліцыянты запісалі з Арцёмам пакаяльнае відэа, у якім ён прызнаецца, што адміністраваў "экстрэмісцкі" рэсурс "Мая краіна Беларусь". Пазней Баярскі прызнаўся, што перад запісам відэа яго білі. 

Праваабаронцы прызналі Арцёма Баярскага палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.