З-за крызісу працадаўцы адмаўляюцца ад заявак на выпускнікоў ВНУ

Эканамічныя цяжкасці дабраліся да ўніверсітэтаў: на размеркаванні студэнтам не хапае працоўных месцаў. А ў БДУ арганізацыі нават пачалі адклікаць заяўкі, якія накіравалі раней.

“У гэтым годзе пагалоўна пішуць, што адклікаюць заяўку, — гаворыць пра размеркаванне рэктар БДУ Сяргей Абламейка, — Гэта звязана з эканамічнай сітуацыяй".

Тыя ж праблемы агучваюць у Тэхналагічным універсітэце ў Мінску: фірмы ад заявак адмаўляюцца, а саміх заявак менш, чым летась. Разбіраемся, што рабіць студэнту ў такім выпадку.

Калі мала заявак, размяркуюць “на вёску”?

Брэсцкі тэхнічны, як і БДУ, сёння мае праблемы з заяўкамі на выпускнікоў. На будаўнічым факультэце можа размеркавацца толькі палова маладых спецыялістаў. А многія буйныя арганізацыі наогул сёлета нікога не просяць.

“Ёсць буйныя арганізацыі, з якімі мы працуем не першы год, а ў гэтым годзе яны не могуць прыняць нашых выпускнікоў, — апісваюць сітуацыю на Будаўнічым факультэце Брэсцкага тэхнічнага, Зменшылася геаграфія заявак, цяпер заяўкі — з сельскай мясцовасці, з невялікіх арганізацый”.

Сапраўды, паводле закона, выпускніка могуць размеркаваць куды заўгодна: месца жыхарства не паўплывае. Але можа дапамагчы вяселле, гэта ўлічваецца. Таксама месца працы можна знайсці самому: так вы атрымаеце ўсе льготы “маладога спецыяліста” і працу, якую хочаце. Праўда, у крызіс вакансій не так шмат.

Калі ўніверсітэт не знайшоў мне працу, ці дадуць вольны дыплом?

Спецыяльнасць, па якой вас размяркоўваюць, мусіць адпавядаць таму, на каго вы вучыліся. Калі вы вучыліся на інжынера, прадаўцом вас не размяркуюць. Але рэжысёра могуць адправіць, напрыклад, весці гурток, а выкладчыка гісторыі выхоўваць дзетак у садку. Практыка была. Тым больш, універсітэты падчас дэфіцыту заявак усё адно будуць імкнуцца размеркаваць усіх.

“Калі месцаў няма, то па законе вам могуць даць свабодны дыплом, — пацвярджаюць у міністэрстве адукацыі, — Зусім не па спецыяльнасці размеркаваць не могуць, але па сумежных спецыяльнасцях могуць. Бо адукацыйны стандарт гэта дазваляе”.

Напрыклад, выкладчык гісторыі пасля педагагічнага ўніверсітэта цалкам можа пайсці весці гурток, бо гэта сумежная спецыяльнасць. Але інжынер, калі не мае ў дыпломе кваліфікацыі выкладчыка, не можа размеркавацца па гэтай спецыяльнасці.

Фота: gazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі