Вы тут

З пачатку года бензін вырас на 10 капеек. Гэта было апошняе падаражэнне?

13 красавіка ў Беларусі дзясяты раз падаражэла паліва / Еўрарадыё

13 красавіка ў Беларусі дзясяты раз падаражэла паліва. Зноў на адну капейку. У "Белнафтахім" гэта растлумачылі падаражэннем нафты і "стратэгіяй стрыманай індэксацыі цэн на аўтамабільнае паліва", прынятай у канцэрне.

У сацсетках пра гэта падаражэнне сталі пісаць як пра апошняе ў 2021 годзе. Бо зусім нядаўна, у лютым, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Мінфіна Аляксандр Васевіч заявіў, што сёлета кошт паліва павялічыцца ў сярэднім на дзесяць капеек (або на 6%), а стаўкі акцызаў на паліва застануцца на ўзроўні мінулага года.

"Гэтая мера знізіць для насельніцтва і прадпрыемстваў негатыўныя наступствы ад чарговага этапу падатковага манеўру ў Расіі", — абгрунтаваў Васевіч.

Няўжо "Белнафтахім" на гэтым спыніцца — і ўвесь астатні год мы будзем купляць бензін і дызель па цэнах, якія ўсталяваліся на АЗС 13 красавіка?

Гэта наўрад, лічаць эксперты.

"Я мяркую, што палітыка капейкавага павышэння цэн на паліва не зменіцца. Тым больш у кожным разе ключавы складнік цаны на паліва — гэта, вядома, кошт нафты, — расказвае Еўрарадыё эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак, якая спецыялізуецца на пытаннях энергетыкі і нафтахімічнай прамысловасці. — Апошнім часам, а тым больш у параўнанні з мінулым годам, цана за бараль наблізілася да 60 долараў, месцамі нават перавысіла.

Прадпрыемствы купляюць нафту за долары, таму ў большай ступені, як мне здаецца, трэба арыентавацца на доларавы складнік. "Белнафтахім" вядзе досыць ашчаджальную, акуратную палітыку на ўнутраным рынку, але мы ўсё ж бачым непазбежную тэндэнцыю на павышэнне цэн на паліва".

Старэйшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб таксама не бачыць прычын для таго, каб рост цэн на паліва спыніўся.

"Будзе даражэць, безумоўна. Даражэць на адну капейку, калі не кожны тыдзень, то як мінімум кожныя два тыдні. З адной прычыны — грошы вельмі патрэбныя і бюджэту, і "Белнафтахіму", і НПЗ. За апошнія гады ў іх [у НПЗ. — Еўрарадыё] змянілася бізнес-мадэль. Калі раней яны асноўныя грошы зараблялі за кошт экспарту нафтапрадуктаў і пры гэтым гатовыя былі датаваць цэны на ўнутраным рынку, то цяпер заробку такога ўсё менш, усё больш надзей на ўнутраны рынак. Цэны стабільна растуць, прычым без аглядкі на тое, што адбываецца на сусветных рынках", — кажа Іосуб.

А можа, не падаражэе, а нават і патаннее?

У 2020 годзе цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі павышаліся 11 разоў і зніжаліся пяць разоў — кожны раз на капейку. Гэта значыць, за ўвесь год паліва падаражэла на сем капеек.

Што ж такога адбылося летась? І ці не можа гэта паўтарыцца сёлета?

"Сусветная цана на нафту вясной [2020 года. — Еўрарадыё] ўпала ў разы. Якраз можна ўспомніць усякія вясёлыя гісторыі з адмоўнымі цэнамі на нафтавыя ф'ючарсы. На фоне такога зніжэння цэн — за пару месяцаў у 3,5 раза — "Белнафтахім" злітаваўся і на пяць капеечак цану знізіў — менш чым на пяць адсоткаў. Такога зніжэння, як год таму, сусветных цэн чакаць не варта, таму я не чакаў бы зніжэння нават на капейку", — расчароўвае Іосуб.

А як жа быць з заявай Мінфіна пра павышэнне цэн на дзесяць капеек на працягу года? Няўжо чыноўнікі зноў кажуць адно, а робяць іншае?

"Хутчэй за ўсё, яны бачаць гэта не як абяцанне, а як здагадку. Спашлюцца на складанасці ў эканоміцы, на эпідэміялагічную абстаноўку ў свеце, на недружалюбныя дзеянні з усіх бакоў — ёсць маса прычын, чаму можна спачатку слова даць, а потым яго забраць", — рэзюмуе Іосуб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.