Вы тут

"З асаблівым цынізмам справіў натуральныя патрэбы" на машыну міліцыі

Момант правапарушэння трапіў на відэа / Скрыншот з відэа МУС

У Брэсцкім раёне трое мужчын сталі фігурантамі крымінальнай справы. Як паведамляе прэс-служба МУС, здарэнне адбылося ўвечары 10 кастрычніка ў аграгарадку Тамашоўка. Паміж мужчынамі, якія распівалі алкагольныя напоі, узнікла спрэчка. У выніку 31-гадовы вясковец "за 50 рублёў" залез на капот службовага аўтамабіля міліцыі Geely, які стаяў каля сельсавета. На машыну ён "з асаблівым цынізмам справіў натуральныя патрэбы [на лабавое шкло]", — кажа першы намеснік начальніка Брэсцкага РАУС Уладзімір Мікалаеў. Усё гэта іншыя мужчыны ва ўзросце 24 і 33 гадоў здымалі на відэа.

Пасля яны зноў вярнуліся да аўтамабіля міліцыі і парэзалі ўсе чатыры колы. Пазней мужчын затрымалі. Патлумачыць свой учынак яны не змаглі.

Крымінальную справу распачалі па факце хуліганства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.