Юрый Зісер уцёк са школы з усім класам, а Віталік “Артыст” сапсаваў журнал

У Дзень настаўніка карэспандэнты “Еўрарадыё” папрасілі Юрыя Зісера, Адама Глобуса, Віталіка “Артыста” і Ніку Сандрас падзяліцца ўспамінамі пра школьныя гады. Асабліва нас цікавілі свавольствы, на якія героі рэпартажу рашаліся, так бы мовіць, па-за школьнай праграмай.

Вакаліст гурта “beZ bileta” Віталік “Артыст” імгненна прыгадаў пра галоўную катастрофу са свайго школьнага жыцця.

Віталік “Артыст”: “Адбылася адна казусная гісторыя з маім улюбёным выкладчыкам Андрэем Адамавічам Бялько, які быў у нас класным кіраўніком. Аднаго ўрока не было. Мы гралі ў снежкі і адкрылі журнал, вырашылі падглядзець, каму што паставілі.

Гэта было на другім паверсе. Я чамусьці адкрыў вакно, і мой сябра, які стаяў на вуліцы, кінуў снежкай у гэтае расчыненае акно. А я ў гэты час, ні ў каго не пытаючыся, гартаў журнал.

І, карацей, снежка гэтая ўпала проста ў журнал. А тады ўсе запісы вяліся атрамантамі. Усё, што было ў журнале, раз’ехалася. Жах!”

Віталік Артыст / Еўрарадыё

Што зрабілі б з Віталікам за сапсаваны класны журнал – невядома. Невядома таму, што на наступны дзень будучы музыка разам з бацькамі з’ехаў у Польшчу.

Віталік “Артыст”: “Усе разборкі адбываліся без мяне: “ХЛОПЦЫ, ХТО САПСАВАЎ ЖУРНАЛ?!” А я ў гэты час еў канапкі…”

Пісьменнік і выдавец Адам Глобус у беларускай літаратурнай тусоўцы лічыцца за скандаліста. Але ў школе сп. Глобус, якога тады яшчэ ведалі, у асноўным, як Уладзіміра Адамчыка, быў… яшчэ большым скандалістам. Сапраўдным Вовачкам.

Адам Глобус: “Біўся моцна. У нас была бандыцкая школа. Усе хадзілі з ножыкамі, са зброяй. І гэта лічылася нармальным. Напрыклад, у мяне з класа “села” сем чалавек. А восьмая дзяўчынка.

Настаўнікі нас білі. Мяне настаўнік фізкультуры адзін раз, калі я шайбай разбіў галаву дзяўчынцы, таксама біў. Але так, не моцна”.



Натуральна, выбачацца Адам Голбус ні перад кім са свайго школьнага атачэння не збіраецца.

Адам Глобус: “Я, калі выходзіў са школы, даў сабе слова туды ніколі не вяртацца. Сказаў, што праклінаць я яе не буду, але вось блізка да таго, што я яе проста ненавіджу, гэтую школу”.

Мастачка Ніка Сандрас у школе была поўнай супрацьлегласцю Адама Глобуса. Яна заўжды радавала настаўнікаў поспехамі ў навучанні і выдатнымі паводзінамі.

Ніка Сандрас: “Я такое была ціхае, спакойнае, выхаванае дзіця. Заўсёды дзесьці ўбаку ад буйных хітрыкаў, якія ладзілі мае аднакласнікі. Больш за тое, я ў піянерскім летніку адпачывала, ні разу ў жыцці нікога пастай зубной не выпэцкала”.

Але ці трэба нагадваць, што прымаўка кажа пра ціхі вір?

Ніка Сандрас  / CityDog.by

Ніка Сандрас: “Да нас прыйшлі паляўнічыя, якія настралялі качак. І гэтых качак штук 10. Яны яшчэ цёпленькія зусім, але мёртвенькія. І я, не доўга думаючы, вырашыла пакласці сястры пад коўдру гэтых качак. Прыходзіць мая сястра, распранаецца і кладзецца спаць. Ну і ўяўляеш, так? Чалавек кладзецца ў ложак. А ў яго там штосьці пухнастае, цёплае. І поўны ложак нейкіх такіх штук”.

Трылер, ніякае іншае слова не падыходзіць! Але калі дзеянні Нікі Сандрас былі не наўмысныя, дык заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер аднойчы абсалютна свядома падбухторыў аднакласнікаў на ўцёкі са школы.

Юрый Зісер: “Я неяк правініўся перад сваім класным кіраўніком, у 9-м класе сарваўшы ўвесь клас з заняткаў. Першы ўрок – у самага лепшага настаўніка – мы адсядзелі, а астатнія сачканулі.

Проста нагрузка была такая, што хатнія заданні даводзілася рабіць на 6-7 гадзінаў. І я падбухторыў вучняў на ўцёкі”.

Юрый Зісер / Антон Матолька

Юрый Анатолевіч хацеў быў папрасіць прабачэння ў сваёй настаўніцы. Але засумняваўся, ці пачуе яна?

Юрый Зісер: “Гэта было ў Львове, яна не пачуе… А зараз яна жыве ў Ізраілі, Соф’я Маісееўна Фрэгер”.

Каму, як не Юрыю Зісеру ведаць пра тое, што інтэрнэт можа ўсё? І каб Соф’я Маісееўна пачула прабачэнне, дастаткова ўсяго толькі адкрыць спасылку на інтэрнэт-эфір “Еўрарадыё”. Хаця нам, Юрый Анатолевіч, здаецца, што настаўніца даўно ўжо вас прабачыла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі