Юрыст Бахціна: Справа “Белага легіёна” яшчэ канчаткова не закрытая

Юрыст Бахціна: Справа “Белага легіёна” яшчэ канчаткова не закрытая

Тое, што Следчы камітэт прыпыніў крымінальны пераслед усіх фігурантаў справы “Белага легіёна” і перадаў яе ў пракуратуру, не азначае, што справа ўжо закрытая. Пра гэта Еўрарадыё заявіла былы адвакат былога кіраўніка “Белага легіёна” Міраслава Лазоўскага Ганна Бахціна.

Ганна Бахціна: “Пракуратура вывучыць матэрыялы справы і дасць указанне наконт таго, што са справай, па меркаванні пракуратуры, трэба рабіць і якое рашэнне па ёй прыняць. Прыняцце рашэння зводзіцца да двух аспектаў: альбо выстаўленне абвінавачання з накіраваннем справы ў суд, альбо спыненне справы з-за адсутнасці складу злачынства. Думаю, будзе “з-за адсутнасці складу злачынства”.

Тым не менш, да таго часу, пакуль пракуратура не прыме канчатковага рашэння па справе, усе фігуранты гэтай справы па-ранейшаму знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе і аб неразгалошванні матэрыялаў следства. Колькі часу спатрэбіцца пракуратуры на прыняцце рашэння, сёння сказаць немагчыма, кажа юрыст.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што Ганну Бахціну пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, яна па-ранейшаму застаецца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў следства па справе “Белага легіёна”. Дзейнічае такая падпіска, кажа юрыст, два гады.

Нагадаем, 30 лістапада старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што яшчэ 27 лістапада СК прыняў рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў справы “Белага легіёна” і накіраванні справы ў пракуратуру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі