Як жывуць у сем'ях, дзе мужу і жонцы затрымліваюць заробак

 На 1 ліпеня пазыка па заробках беларусаў складае болей за 411 мільярдаў рублёў. Заробкі затрымліваюць на тыдзень, два, а то і на месяцы.

У сельскай гаспадарцы  "Слуцкага мясакамбіната”, што ў вёсцы Грэск, заробак выплацілі толькі 8 ліпеня, а павінны былі першага. Вольга працуе тут з 2008 года, спачатку была аграномам, цяпер на вагах. Муж — трактарыст у гэтай жа гаспадарцы.

“Ужо год як заробак адсунулі на канец месяца, а цяпер пачалі затрымліваць яшчэ больш”, — кажа Вольга. Раней заробак быў у час і даволі высокі, а цяпер 2-3 мільёны, “заробак мужа трохі большы” — каля чатырох мільёнаў”. На сям’ю з чатырох чалавек атрымліваецца 400 долараў, ці па 100 долараў на кожнага.

Вольга “ў часы стабільнасці” (чытай — высокіх заробкаў) узяла крэдыт на мэблю. За 15 мільёнаў абставіла кухню ды набыла лядоўню. Калі б ведала, што так могуць упасці заробкі, не брала б ніякіх крэдытаў!

“Крэдыт у двух банках. Агулам недзе 15 мільёнаў узяла. Была нейкая акцыя, і крэдыт быў пад невысокі працэнт. Не памятаю дакладна, але недзе на 25-30%. За месяц набягае каля 1,6 мільёнаў па крэдытах, плюс праз тое, што нам затрымліваюць заробак, пеня”, — кажа жанчына. Крэдытная гісторыя Вольгі сапсаваная.

Пеню налічваюць і на камунальныя плацяжы. Выходзіць каля 300 тысяч плюс пеня за пратэрміноўку плацяжоў — і так з месяца ў месяц. Адкласці нешта на чорны дзень не атрымліваецца. У адпачынку Вольга не была даўно. Як і яе муж Пётр. Замест адпачынку ўлетку муж і жонка бяруць кампенсацыю.

“…і працуем далей. За кампенсацыю я дачку сабрала ў каледж”, — кажа Вольга. Кінуць працу жанчына не можа, бо ў вёсцы знайсці іншую немагчыма. Без дапамогі бацькоў не ведала б, што рабіць.

“У бацькоў гаспадарка, таму ў краме набываем толькі хлеб. Астатняе з агарода. Калі б бацькі не дапамагалі, не ведаю, што рабілі б”, — кажа Вольга. Пенсію бацькам пакуль плацяць без затрымак.

Фота: tula.bezformata.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі