“А як жа маральнасць?”: кароткі пералік прэтэнзій Лявончыка да Арастовіча

Заснавальнік фонду ўзаемадапамогі Аляксей Лявончык распавёў у эфіры Еўрарадыё, чаму абурыўся на словы саветніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча. Па словах Лявончыка, яго абурыла не канкрэтнае інтэрв’ю Арастовіча Еўрарадыё, а “цэлая нізка выказванняў”, якія дэманструюць неразуменне працэсаў унутры Беларусі.

“Як толькі вайна скончыцца, Лукашэнка перастане па нас шмаляць, мы будзем з вамі гандляваць”, — так успрымае Лявончык словы Арастовіча і тлумачыць, што такая пазіцыя для яго “плявок у твар”.

— Украіна ваюе, з Беларусі шмалялі па ўкраінскай тэрыторыі — з дазволу Лукашэнка. І тут раптам спадар Арастовіч падчас вайны кажа, што мы не хочам дражніць Лукашэнка, таму што нам з ім гандляваць. У мяне склалася ўражанне, што спадар Арастовіч хоча з Лукашэнка гандляваць пряма цяпер.

Я не ведаю асаблівай спецыфікі паставак энерганосьбітаў. Але ў мяне заўвага да украінскага палітыкума толькі ў тым, што ўсяму свету яны кідаюць маральнасць — трэба быць маральнымі, чаму вы купляеце ў Расіі нафту падчас вайны? Але як толькі гаворка заходзіць пра інтарэсы Украіны, дык можна пераступіць праз гэтую маральнасць у дачыненні Беларусі.

Лявончык кажа, што разумее: у адмове некаторых еўрапейскіх краінаў ад расійскіх энерганосьбітаў ёсць не толькі мараль, але і разлік. Маўляў, калі краіна зараз паводзіць сябе “неадэкватна”, няма сэнсу сядзець на яе нафта-газавай іголцы.

Але ж ён не верыць, што ваюючыя краіна не магла знайсці альтэрнатыўны кірунак паставак “саляры для танкаў”.

— Я не буду заглыбляцца і не вывучаў, як гэта зрабіць у выпадку Украіны. Але ў мяне ёсць падазрэнні, што калі Захад за два месяцы змог зрабіць так, каб нават Нямеччына пачала пастаўляць танкі, дык Захад зможа замясціць і тое, што Украіна згубіла б з расійскіх НПЗ. Я не ўпэўнены, што гэта немагчыма, — кажа Лявончык.

Поўную версію размовы з Аляксеем Лявончыкам глядзіце на канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.