Як Еўрарадыё замовіла "іпэшніку" джынсы праз дзяржаўных пасярэднікаў

Віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч прапаноўвае наладзіць пастаўку тавара ад вытворцаў праз “Белмытсэрвіс” і “Белкаапсаюз”. Маўляў, гэта вырашыць праблемы з коштам тавараў і дакументамі.

"Трэба наладзіць прамую пастаўку гэтых тавараў ад вытворцаў, да гэтага працэсу павінны далучыцца аптавікі, тады прадпрымальнікі не будуць праз 5-6 рук купляць тавар, які на рынку ў нас становіцца значна даражэйшым, чым у Маскве", — кажа Пракаповіч.

Ён з лёгкасцю даручае арганізаваць аптовыя пастаўкі тавараў для "іпэшнікаў" “Белкаапсаюзу” ды “Белмытсэрвісу” — яны па заяўках іпэшнікаў паставяць оптам тавар, у тым ліку з Кітая. Гэта значыць, у бліжэйшы час павінны запрацаваць аптовыя базы, каб прадпрымальнікі маглі купляць тавар у іх, а не "карміць багатых маскоўскіх пасярэднікаў".

У “Белмытсэрвісе” прадстаўляюся прадпрымальніцай і спрабую замовіць у іх партыю джынсаў. Тут спачатку ўвогуле не разумеюць, якія джынсы і базы я ад іх патрабую!

 “Што значыць заказаць тавар праз нас? Не вельмі разумею, якія паслугі… Як вы збіраецеся замаўляць тавар праз “Белмытсэрвіс”? Якія базы? Чаму ў нас павінны быць базы — мы ж не займаемся закупкай тавару”, — вядучы спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці Аляксандра просіць пачакаць і ўдакладняе пытанне ў калег, але і тыя па абрыўках размовы здзіўленыя яшчэ болей за маю субяседніцу.

Аляксандра спакойна спрабуе мяне пераканаць, што ніякага дачынення да замовы тавараў “Белмытсэрвіс” не мае, угаворвае мякка і настойліва, каб найхутчэй ад мяне пазбавіцца. Але магічная згадка пра віцэ-прэм’ера надае размове іншы характар.

Дзяўчына шукае навіну ў інтэрнэце. І знаходзіць!

“Глядзіце, як тут справы: мы не займаемся пастаўкай тавараў. Усё, што мы можам вам прапанаваць, — прывезці тавар ад дзвярэй да дзвярэй. Ніякай базы ў нас няма. Даручэнне Пракаповіча да нас не дайшло яшчэ”, — у “Белмытсэрвісе” не ведаюць, ці будуць у іх гэтыя базы, ці будзе даручэнне, або гэта быў экспромт ад Пракаповіча.

У “Белкаапсаюзе” пра магчымасць замаўляць тавары “з Кітая” праз іх ведаюць — прачыталі зранку ў інтэрнэце. Але афіцыйнай паперкі не маюць.

“Вы пра Кітай? Мы пакуль што прапрацоўваем пытанне. Пакуль што вам з Кітая толькі рыбу можам прапанаваць — скумбрыю”.

Еўрарадыё: Мне скумбрыя не трэба, мне б джынсаў партыю...

“Дык у нас пакуль няма. Мы не ведаем, калі, не гатова вам сказаць, нам рэкамендавана — будзем займацца, гэта ж не дзень і не два. Патрэбны ж вялікія партыі, каб кошт быў для вас цікавы”, — кажуць ва ўпраўленні гандлю "Белкаапсаюза".

Тут хоць ведаюць пра рэкамендацыю Пракаповіча, аднак перспектыва ажыццяўлення на справе прапановы віцэ-прэм'ера пакуль не зразумелая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі