Як 89-гадовы мінчанін змагаецца, каб у Мінску з’явіўся помнік ахвярам рэпрэсій

Як 89-гадовы мінчанін змагаецца, каб у Мінску з’явіўся помнік ахвярам рэпрэсій

Уладзіміру Мазаніку 89 гадоў. Сем гадоў свайго жыцця ён аддаў на перапіску з чыноўнікамі, каб у Мінску ўсталявалі помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Яго бацьку, Івана Мазаніка, рэпрэсавалі ў 1941-м. Асудзілі на 8 гадоў лагераў, і больш сваякі яго не бачылі.

“Вы паглядзіце, што яны з ім зрабілі!” — свой аповед Уладзімір Мазанік пачынае з фотаальбома. Вось, яго бацька ва ўзросце 28 гадоў — статны юнак. А вось іншае фота — з архіваў НКУС. На ім стомлены, хударлявы, паголены налыса мужчына. А прайшло толькі некалькі гадоў.

Як 89-гадовы мінчанін змагаецца, каб у Мінску з’явіўся помнік ахвярам рэпрэсій
Так Іван Мазанік выглядаў у 28, яшчэ да рэпрэсій
Як 89-гадовы мінчанін змагаецца, каб у Мінску з’явіўся помнік ахвярам рэпрэсій
А гэта фотакартка з архіваў дзяржбяспекі, тут яму 35

“Бацька працаваў у цяперашнім Доме ўраду, але да ўраду дачынення не меў. Займаўся праектаваннем калгасаў і саўгасаў, ездзіў у Заходнюю Беларусь. У яго запыталіся на працы пра тое, як там людзі жывуць. А ён сказаў як ёсць. Нічога страшнага ж не сказаў! Сказаў, што там жывуць крыху лепш, чым калгаснікі. А сярод супрацоўнікаў быў сэксот”, — дзеліцца трагічнай гісторыяй сям’і Уладзімір Мазанік.

Яго бацьку асудзілі за “агітацыю супраць калектывізацыі”. Да сёння невядома, што з ім здарылася і дзе шукаць яго магілу.

“Хіба ён з лозунгамі хадзіў! Мне 11 гадоў, мама з грудным дзіцём была на руках. Нас было трое братоў і пасля мая сястра нарадзілася, ужо пасля таго, як бацьку арыштавалі. Месца пахавання ў архіўнай справе не ўказанае”.

Як 89-гадовы мінчанін змагаецца, каб у Мінску з’явіўся помнік ахвярам рэпрэсій
З такім плакатам Уладзімір Мазанік двойчы выходзіў на акцыі памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій

З 2010 года Уладзімір Мазанік дамагаецца, каб у Мінску ўсталявалі помнік рэпрэсаваным, каб было, куды ўскласці кветкі ў памяць пра бацьку і каб людзі не забывалі злачынстваў камуністычнай ўлады. Але чыноўнікі проста перанакіроўваюць лісты ў іншыя інстанцыі, гуляюць у папяровы пінг-понг.

Міністэрства культуры адказвае, што помнік можа быць усталяваны. Але вырашаць пытанне мусіць Мінгарвыканам. А Мінгарвыканкам у сваю чаргу адпраўляе ў Курапаты. Нібыта, там ужо ёсць памятны знак ахвярам рэпрэсій і іншага для Мінска не трэба. Але ж і Курапаты знаходзяцца не ў Мінску, а ў мінскім раёне.

“Калі я на прамой лініі задаў гэтае пытанне Шорцу, ён сказаў, што яшчэ раз разгледзяць пытанне. Але зноў прыйшла стандартная адпіска. Яны мне ўсё пішуць “паважаны”. Які я ім “паважаны!”, калі нічога зрабіць не могуць”, — абураецца Уладзімір Мазанік.

Пра сваю перапіску з чыноўнікамі дзядуля распавядае эмацыйна, не можа стрымаць гневу, абурэння і расчаравання. 

Не дапамагаюць звароты ні да Аляксандра Лукашэнкі, ні да дзяржаўных выданняў. Пенсіянер хвалюецца, што проста не дажыве да таго часу, калі памятны знак усё ж паставяць.

“Не трэба ніякай пампезнасці. Ім усё адно, натуральна! А для нас трэба проста, каб зрабілі нешта, каб хаця б напісалі, чаму прысвечанае гэта. Ды шыльды нават хапіла б. Шкада, што людзі не разумеюць… мала хто разумее”, — дадае мужчына.

Як 89-гадовы мінчанін змагаецца, каб у Мінску з’явіўся помнік ахвярам рэпрэсій
Адказ Уладзіміру Мазаніку з Адміністрацыі прэзідэнта

Уладзімір Мазанік прапануе паставіць помнік у Мінску на Гарадскім вале, непадалёк ад турмы на Валадарскага, бо акурат там у 1940-я гады была ўнутраная турма КДБ. Але дзядуля не супраць, калі помнік з’явіцца ў іншым месцы сталіцы.

Лік ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў у Беларусі ідзе на сотні тысяч чалавек. Толькі ў адну ноч 29-30 кастрычніка ў сутарэннях НКУС былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі.

Вядома, што ва урочышчы Курапаты пад Мінскам таксама былі расстраляныя па розных звестках ад 30 да 100 тысяч чалавек. І нават на гэтым месцы помнік ахвярам не з’явіўся. Ёсць толькі пастанова яшчэ часоў БССР аб тым, што такі помнік мусіць быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі