"Я сёння заснуць не магла”. Жыхары мінскай панэлькі бунтуюць супраць пандуса

Жыхары мінскай панэлькі ў Зялёным Лузе бунтуюць супраць пандуса, усталяванага на ўваходзе ў першы пад’езд дома.

 

"Я сёння заснуць не магла, усё думала: не дай Божа гэта застанецца на ўсё жыццё, — эмацыйна распавядае жыхарка пад'езда Наталля. — Мы аддавалі такія грошы за аднапакаёўку, а цяпер такія нязручнасці. Я не звер, я не супраць пандусаў. Але не да такой жа ступені! З-за адной сям'і мусяць пакутаваць жыхары трыццаці дзевяці кватэр. Калі б я цяпер убачыла такі пад'езд, у жыцці не набывала тут жыллё".

 

На трэцім паверсе тут жыве інвалід-калясачнік. Іншыя жыхары пад’езда прызнаюцца, што амаль не бачылі яго. Не ў апошнюю чаргу таму, што ўваходныя дзверы ўзнятыя аж на 9 прыступак ад зямлі. Самастойна з’ехаць па такіх на інвалідным вазку складана, а падняцца ўвогуле немагчыма.

 

“Дачка ўчора бегла — ледзьве галавой не ўляцела ў яго”

 

Тое, што дзяржава пачала клапаціцца пра людзей з дадатковымі патрабаваннямі, вельмі добра. Але занесці ў пад'езд канапу ці лядоўню цяпер немагчыма. Пра эстэтычны складнік канструкцыі ўвогуле прамаўчым.

 

Усхваляваныя жыхары дома распавядаюць Еўрарадыё, што перад устаноўкай пандуса з імі ніхто не раіўся.

 

"Не ведаю, што з гэтым можна зрабіць, — разводзіць рукамі тутэйшая жыхарка Аксана. — Цалкам яны гэта не прыбяруць, гэта зразумела, але можна гэты рог, які тырчыць пасярэдзіне лесвіцы, зрэзаць па дыяганалі. Ён траўманебяспечны. Дачка ўчора бегла — ледзьве галавой не ўляцела ў яго. Тут жа шмат дзяцей жыве... Ці магчымая такая канструкцыя ўвогуле па тэхніцы бяспекі? Як такое можна было прыдумаць? Параіліся б з намі, прапанавалі б некалькі варыянтаў. А так адказваюць, маўляў, вам месца мала? Хадзіце па пандусе!".

 

Раней ля пад'езда быў стандартны пандус — бетонны, з лесвічкай пасярэдзіне. Будаўнікам давялося літаральна сашкрабаць яго, каб пакінуць праход для людзей. Жыхары пад'езда згодныя, што стары пандус быў нязручны і занадта круты. Яны нават не супраць скінуцца, каб заліць яго бетонам пад іншым вуглом, як, напрыклад, у аптэцы побач. Аднак тры дні размоваў з ЖЭСам, ЖРЭА і адміністрацыяй Савецкага раёна прынеслі наступны вынік: пазбавіцца ад новага пандуса-монстра не атрымаецца.

 

Акуратны пандус ля мясцовай аптэкі. Атрымліваецца, без металічнага дыназаўра ўсё ж можна абысціся

“Столькі дакументацыі трэба ўзгадніць, што інваліды часам не дажываюць да ўстаноўкі пандуса”

 

Пандусы ў пад'ездах Мінска ўсталёўваюцца ў межах дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. Меркавання жыхароў дома наконт канструкцыі, якая б ім падабалася, ніхто не пытаецца.

 

Схема наступная: інвалід піша зварот у адміністрацыю раёна на ўсталяванне пандуса. Адміністрацыя праводзяць тэндар, пераможца якога вывучае абстаноўку і выдае тэхнічнае заключэнне. Далей, калі абсталяваць пад’езд пандусам магчыма, адміністрацыя зноў праводзіць тэндар. На гэты раз — на арганізацыю, якая распрацоўвае праект пандуса. Праект праходзіць экспертызу і ўзгадняецца з рознымі дзяржаўнымі органамі (не з жыхарамі пад’езда!). Калі экспертыза сканчаецца станоўчам заключэннем, да пад’езда прыязджаюць будаўнікі і мантуюць пандус.

 

"Гэтая канструкацыя дасканалая. Унізе праходзяць дзве ліўневыя трубы, газ. Пандус узгоднены з усімі камунікацыямі. Праход да пад'езда — 1,05 метра. Гэтага цалкам дастаткова. Калі б нешта парушалася — не прапусціла б экспертыза, — распавядае Еўрарадыё Алена Фісенка з Адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. — Зразумейце, на гэтую канструкцыю патрэбна столькі ж узгадненняў, як на капітальны рамонт".

Від на пандус зверху

Пераносіць ці змяняць пандус мы ні ў якім разе не будзем і не можам, таму што гэта прайшло дзяржаўную экспертызу. А вугал... Мэбля дома ва ўсіх стаіць без вуглоў? Трэба ўваходзіць у становішча — не дай Бог нікому катацца ў інвалідным вазку".


 

Падчас нашага візіту ў дом, цуда-пандус акурат удасканальваюць рабочыя. Падобныя пандусы мантуюцца па ўсім горадзе, кажуць яны, але каб пляцоўка перакрывала праход да пад'езда — такое яны робяць упершыню. І самі гэтаму здзіўляюцца.

 

"Канструкцыю пандуса вызначае праекціроўшчык, якога наймае заказчык. Там ёсць нарматывы і па ўхілах, і па шырыні пляцоўкі, і па праездах, санітарныя і супрацьпажарныя нормы. Праектыроўшчык у нормы ўпісаўся, дзяржаўную экспертызу яны прайшлі. Усё", — тлумачыць Еўрарадыё галоўны інжынер кампаніі-падрадчыка Промінватэкс.

 

Праўда, у размове з жыхарамі рабочыя больш шчырыя: маўляў, зрабіць пандус ля іх пад'езда можна было прасцей, лепш і танней.

 

Выйсце з пад'езда
У доме побач таксама ўсталяваны пандус. Але тут ён нікому не замінае
Зверху пандус нагадвае амерыканскія горкі