Выказваем заклапочанасць: Расія адмяняе вайну паміж Кітаем і ЗША

Вельмі кароткі агляд асноўных міжнародных навін / Еўрарадыё
Вельмі кароткі агляд асноўных міжнародных навін / Еўрарадыё

Пакуль фэйсбук шукае сапраўдных экспертаў сярод сваіх карыстальнікаў, у Расіі ўжо заявілі пра немагчымасць вайны паміж Кітаем і ЗША.

Што рабіў аголены беларус у цэнтры Варшавы і навошта бацькі адправілі дачку на ненаселены востраў — у вельмі кароткім аглядзе міжнародных навін ад Еўрарадыё.
 

Голы беларус у цэнтры Варшавы

У цэнтры Варшавы затрыманы 40-гадовы беларус, які разгульваў па вуліцах галышом. Відавочцы заўважылі мужчыну каля Палаца культуры і навукі і звярнуліся ў паліцыю.

Мужчына ўцякаў і пагражаў, што, калі ад яго не адстануць, разаб'е галаву аб слуп.

Праваахоўнікам давялося перакрыць вулічны рух, бо мужчына паспрабаваў уцячы ад іх па ажыўленай праезнай частцы. У цяперашні час беларус затрыманы. Адзначаецца, што перад гэтым яго адвезлі ў бальніцу.

 

Кітай: на ненаселены востраў — за непаслушэнства

У Кітаі бацькі адправілі 13-гадовую дачку на ненаселены востраў, таму што яна не слухалася.

Дзяўчынка прасіла карміць яе лепей, але адмаўлялася вучыцца і дапамагаць па доме.

Інцыдэнт адбыўся ў кітайскай правінцыі Шаньдун.

Пакінутую на востраве дзяўчынку знайшоў рыбак. Пачуўшы крыкі пра дапамогу, ён забраў яе з вострава і перадаў паліцыі.

У Расіі сказалі, што вайны Кітая і ЗША не будзе

Нягледзячы на рознагалоссі, вайна паміж ЗША і Кітаем немагчымая. Так сказаў амбасадар Расіі ў КНР Андрэй Дзянісаў.

Кіраўнік дыпмісіі ўпэўнены, што складанае ўзаемадзеянне паміж дзвюма звышдзяржавамі не прывядзе да ваеннага абвастрэння.

Дыпламат падкрэсліў, што Пекін і Вашынгтон залежныя адзін ад аднаго на эканамічным і фінансавым узроўнях.

 

Штрафы па каранавірусе — скасаваць!

Канстытуцыйны суд Іспаніі прызнаў, што хатні каранцін у першую хвалю пандэміі быў часткова незаконны. Атрымліваецца, што і штрафы, выпісаныя ў гэты час парушальнікам, таксама незаконныя і могуць быць аспрэчаныя.

Суддзі лічаць, што строгі хатні каранцін не можа прымяняцца пры дзеянні надзвычайнага рэжыму. Права на перамяшчэнне можна было толькі змяніць або абмежаваць, але не забараняць цалкам.

Фэйсбук "пазначыць" экспертаў

У рамках барацьбы з дэзынфармацыяй фэйсбук запусціў функцыю выбару экспертаў у суполках. Адміністратары змогуць выбіраць іх з ліку карыстальнікаў. Іх паведамленні будуць пазначацца спецыяльным значком.

Такім чынам кампанія спрабуе "паказаць карыстальнікам на больш аўтарытэтныя крыніцы на фоне распаўсюджвання ў сеціве лжывай інфармацыі пра каранавірус, вакцыны і іншыя тэмы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі