Вы тут

Выканкам МАК разгледзіць факты парушэнняў правоў спартсменаў у Беларусі

На спартсменаў ціснуць у тым ліку і за іх грамадзянскую пазіцыю / facebook.com/bssfbel/

7 снежня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта можа разгледзець факты парушэнняў правоў спартсменаў у Беларусі. Беларускім спартыўным функцыянерам пагражаюць санкцыі. Пра гэта 3 снежня заявіў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Падчас відэаканферэнцыі ён падкрэсліў, што няма мэты недапусціць на Алімпіяду беларускіх спартсменаў. Паводле слоў Апейкіна, важна, каб на Алімпійскія Гульні не былі афіцыйна дапушчаны чыноўнікі з Нацыянальнага алімпійскага камітэта (яго ачольвае Аляксандр Лукашэнка) і Міністэрства спорту і турызму (яго ачольвае Сяргей Кавальчук, які раней служыў у Службе бяспекі прэзідэнта).

Восенню Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці звяртаўся ў МАК і праінфармаваў пра пераслед у нашай краіне атлетаў за іх грамадзянскую пазіцыю. Было распачата расследаванне, чыноўнікі НАК звярталіся па каментары і ў фонд, і ў НАК. 4 снежня адбудзецца анлайн-сустрэча сябраў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці з прадстаўнікамі Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Днямі стала вядома, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ўстурбаваўся расследаваннем, якое вядзе Міжнародны алімпійскі камітэт. Спартыўныя чыноўнікі пачалі збіраць подпісы спартсменаў пад праўладным лістом.

Падчас згаданай відэаканферэнцыі было таксама паведамлена пра больш за 70 фактаў ціску на беларускіх спартсменаў. Па падтрымку ў фонд звярнуліся 45 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.