Выбары ў Францыі вачамі беларускі: людзі ў ступары, спрабуюць зразумець, як жыць

Парыж, Францыя / pixabay
Парыж, Францыя / pixabay

Беларуска Кацярына жыве ў Марселі. Магчыма, у гэтую нядзелю яна ўпершыню прагаласуе на выбарах у Францыі.

Шанц паўдзельнічаць у выбары прэзідэнта быў у яе і раней. Але Кацярына кажа, што да беларускай выбарчай кампаніі 2020 года яна не цікавілася палітыкай — працавала ў сферы мастацтва. А сёлета больш уважліва вывучыла праграмы кандыдатаў і распытала калег і мужа пра іх погляды.

Напярэдадні першага тура выбараў у Францыі мы пагаварылі з Кацярынай пра тое, як вайна ва Украіне паўплывала на праграмы кандыдатаў. І пра тое, за каго беларуска ўпершыню ў жыцці аддасць голас на французскіх выбарах.

"Усе імкнуцца быць нейтральнымі — як Макрон"

Французы толькі-толькі падрыхтаваліся ўступіць у выбарчую кампанію — і пачалася вайна ва Украіне. З 24 лютага мы часта бачылі дзейнага французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона, нярэдка — у мемах. Кацярына кажа, што самі французы гэтага не заўважылі: у французскім дыскурсе Макрона не стала больш.

Выборы во Франции глазами белоруски: французы в ступоре и ищут ответ, как жить
Эмануэль і Брыджыт Макрон / Defense Visual Information Distribution Service

Яго рэйтынг таксама значна не змяніўся. Дзякуючы спробам дапамагчы скончыць вайну ва Украіне ён крыху падняўся, але праз эканамічныя праблемы ў Францыі некаторыя прыхільнікі Макрона перасталі яго падтрымліваць.

— Да 24 лютага ў Францыі ўсе гаварылі пра выбары. Здавалася, ёсць яшчэ шмат часу, каб падрыхтаваць і правесці выбарчую кампанію, каб вызначыцца з кандыдатам. Але цяпер вектар зрушыўся на вайну ва Украіне. Нават перадвыбарных плакатаў кандыдатаў менш, чым было ў папярэднія гады.

 

Выборы во Франции глазами белоруски: французы в ступоре и ищут ответ, как жить
Марын Ле Пэн / The Russian Presidential Press and Information Office

Мне ўпершыню цікава разабрацца ў праграме кожнага кандыдата. Я маю права голасу ў Францыі, але зусім не прывыкла цікавіцца палітычным жыццём. Да 2020 года мяне гэта не датычылася. Прывыкла ставіцца да выбарчых кампаній як старонні назіральнік — а вось французы падыходзяць да гэтага адказна, яны разбіраюцца ў праграмах, робяць свядомы выбар.

А цяпер ніхто не ведае, за каго галасаваць. Я часам пытаюся ў калег на працы: ну ўсё ж, за каго? Але тут на гэтую тэму гаварыць адно з адным не вельмі і прынята.

Кацярына кажа, што праз вайну ва Украіне французы знаходзяцца ў шоку — і імкнуцца быць "больш-менш нейтральнымі". Як Макрон.
 

"Ле Пэн тады сказала: у мяне на гэты дзень іншыя планы"

Яшчэ нядаўна Кацярыне нашмат больш, чым дзейны прэзідэнт, імпанавала кандыдатура Марын Ле Пэн. Але і тут умяшалася вайна. Кандыдатка ў прэзідэнты сказала, што не прыйдзе слухаць запланаваны відэавыступ украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага ў парламенце Францыі.

— Ле Пэн тады сказала: у мяне на гэты дзень іншыя планы. Гэта прагучала настолькі непрыемна, што паўплывала на маё да яе стаўленне. Так, праз пару дзён яна сказала, што ўсё ж будзе прысутнічаць у часе выступу.

Гэта даволі паказальны прыклад. Цяпер у Францыі ніхто не разумее, як пераварыць і як адрэагаваць на тое, што адбываецца. І ў Марын Ле Пэн вырваліся словы, якія яна паспяшалася забраць назад.

Марын Ле Пэн, дарэчы, не адзіная жанчына, якая балатуецца на прэзідэнцкую пасаду сёлета. Канкурэнцыю ёй складзе кандыдатка ад рэспубліканцаў Валеры Пекрэс — дарэчы пра тое, ці можа жанчына быць прэзідэнтам.

Выборы во Франции глазами белоруски: французы в ступоре и ищут ответ, как жить
Выборы во Франции / actu.fr

 

— Я ніколі не чула ў Францыі, што жанчына не можа быць прэзідэнтам. Жанчыны — мэры ва ўсіх вялікіх гарадах. Зрэшты, пра Валеры Пекрэс ніхто ў маім асяроддзі як пра кандыдатку не гаворыць, яе выступы даволі незапамінальныя, — кажа Кацярына.

З цікавых фактаў пра Пекрэс: у 15 гадоў яна ездзіла ў дзіцячы лагер у Крым, любіць рускую літаратуру, што не перашкодзіла ёй у лютым гэтага года звярнуцца да "гордага рускага народа" з заклікам не ваяваць з Украінай.

Па апытаннях грамадскай думкі, Пекрэс дзеліць чацвёртую пазіцыю са скандальным Эрыкам Зэмурам.

Зэмура яшчэ нядаўна абмяркоўвалі не проста як адыёзнага палітыка — яго рэйтынгі застрашліва раслі. Але Зэмура загубіў яго расійскі вектар.

— Рэйтынг Зэмура ўпаў, бо раней ён выступаў за наладжванне кантактаў з Расіяй. Ён асудзіў вайну, але яркіх заяў ад яго мы не пачулі. Зэмур заўсёды хацеў вырашыць праблему з мігрантамі, але паколькі цяпер у Францыі шмат украінцаў, ён стаў дыпламатычнейшы ў сваіх выказваннях. Нават радыкал у некаторых сітуацыях павінен захоўваць паліткарэктнасць.

Кажуць, на кандыдатуру Зэмура трэба паглядзець пасля першага тура, калі мы даведаемся, каму ён аддасць свае галасы. Калі гэта будзе Марын Ле Пэн, то ўсё ў парадку — яны на адным баку, проста Зэмур больш радыкальны. Калі ён аддасць галасы Макрону, значыць, гэта быў кандыдат-спойлер.
 

Бензін падаражэў, "зялёная" тэма больш не ў топе

Ужо цяпер прыкметна, што значна выраслі цэны на бензін, кажа Кацярына. І прыводзіць прыклад: яшчэ нядаўна за літр 98-га бензіну трэба было аддаць крыху больш за еўра, цяпер — 2 еўра.

Адным словам, сітуацыя ў эканоміцы трывожная, і гэта адлюстроўваецца і ў праграмах кандыдатаў. Раней шмат гаварылася пра зялёную энергетыку і клопат пра навакольнае асяроддзе.

— А цяпер гэта не абмяркоўваецца. Цяпер абмяркоўваецца, як зрабіць так, каб не скончылася электрычнасць і газ. Таму што па тэлевізары ўжо пачалі гаварыць, што магчымыя перабоі. Зараз улады будуць спрабаваць шукаць мясцовыя рэсурсы электраэнергіі, будаваць новыя і рэанімаваць старыя АЭС.

Кандыдаты імкнуцца людзей супакоіць, але пакуль гэта не вельмі атрымліваецца — нам па-ранейшаму трывожна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі