Выбаршчыкі сабралі 668 подпісаў за адкліканне Гайдукевіча, але ім адмовілі

Алег Гайдукевіч / Еўрарадыё

Выбаршчыкі Каліноўскай акругі №108 у мінскім мікрараёне "Усход" спрабуюць дамагчыся адклікання дэпутата Алега Гайдукевіча. Але, нягледзячы на амаль 700 сабраных подпісаў, Мінгарсавет лічыць довады мінчукоў неабгрунтаванымі.

"Захапіўся праглядам крывавага спектакля"

У ліку прэтэнзій да дэпутата — "злачыннае бяздзеянне ў адносінах да забеспячэння правоў, свабод і законных інтарэсаў выбаршчыкаў". Жыхары акругі звярталіся да яго праз парушэнні, дапушчаныя выбаркамамі падчас прэзідэнцкай кампаніі. Яны кажуць, што Гайдукевіч не адказаў, — і лічаць, што ён дыскрэдытаваў сябе як дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Таксама выбаршчыкаў хвалюе гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў пасля выбараў.

— Шматлікія прадстаўнікі беларускай супольнасці, у тым ліку вядомыя дыпламаты, вайскоўцы, спартсмены, дзеячы культуры, бізнесмены, выступілі з рэзкай крытыкай у адрас злачынных дзеянняў кіраўніцтва краіны. Разам з тым дэпутат Палаты прадстаўнікоў Гайдукевіч А. С. палічыў за лепшае захаваць маўчанне, захапіўшыся праглядам "крывавага спектакля", — гаворыцца ў заяве Мінгарсавету.

 

Заява ў Мінгарсавет дэпутатаў / Еўрарадыё

Дэпутат для ўсіх

Алег Гайдукевіч спакойна ставіцца да намераў выбаршчыкаў пазбавіць яго мандата:

— Я тут дэпутат парламента. Я ведаю, што нехта за мяне галасаваў, а нехта — не, але я павінен быць дэпутатам для ўсіх. І для тых, хто хоча, каб я заставаўся, і для тых, хто не хоча, — і такія ёсць. І я не баюся ніякіх новых выбараў у парламент, адкліканняў, калі яны будуць, Я буду ўдзельнічаць у выбарах і ўпэўнены, што мяне людзі падтрымаюць. Я абяцаю, што буду балатавацца на другі тэрмін, і хачу, каб усе за мяне прагаласавалі.

На нядаўняй сустрэчы з выбаршчыкамі Гайдукевіч запэўнівае, што "не пакінуў без разгляду ні аднаго звароту".

— Я накіраваў у МУС і СК заявы па ўсіх фактах звароту да мяне выбаршчыкаў, каб там неадкладна прынялі рашэнне і разабраліся, — кажа дэпутат (запіс ёсць у рэдакцыі). — Але трэба рабіць больш. Мы павінны стварыць камісію ў парламенце і разбірацца ў гэтым пытанні з удзелам зацікаўленых асоб.

— Але чаму да гэтага часу не заведзена ні адной крымінальнай справы па гэтых фактах? — пытаецца выбаршчык.

— Адкажу як юрыст. Я лічу, што цяпер мы павінны дачакацца той праверкі, якая ідзе ў міжведамаснай камісіі. І пасля гэтага зрабіць высновы. Хоць я з вамі згодны, што калі ёсць цялесныя пашкоджанні, то справу трэба заводзіць і разбірацца…

Мая жонка тры дні праплакала, калі ўбачыла гэтыя падзеі (9–11 жніўня). Закон павінен быць адзіны для ўсіх. Я паўтаруся, што па кожным пытанні трэба разабрацца. Я не праігнарую ніводнага звароту да мяне, — адказвае Гайдукевіч.

 

Довады неабгрунтаваныя

Працэдура адстаўкі дэпутата складаецца з дзевяці этапаў, але выбаршчыкаў Каліноўскай акругі №108 зрэзалі ўжо пасля першага — збору подпісаў. Мінскі гарадскі савет дэпутатаў развярнуў іх заяву, нягледзячы на тое, што неабходны мінімум подпісаў — 150, а жыхары акругі сабралі за адкліканне Гайдукевіча 668 подпісаў.

— Довады заяўнікаў аб невыкананні дэпутатам сваіх абавязкаў з'яўляюцца неабгрунтаванымі, паколькі дэпутацкія паўнамоцтвы не даюць права на ўмяшанне ў дзейнасць праваахоўных органаў і на дачу прававой ацэнкі дзеянняў, якія імі прадпрымаюцца, — гаворыцца ў адказе Мінгарсавета.

Адказ выбаршчыкам / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.