Вы тут

Вярхоўны суд Брытаніі прызнаў, што Джонсан незаконна прыпыніў працу парламента

Борыс Джонсан / Reuters

Вярхоўны суд Вялікабрытаніі прызнаў, што прэм'ер-міністр Борыс Джонсан перавысіў паўнамоцтвы і неправамерна адправіў парламент на доўгі перапынак, перадае Бі-Бі-Сі.

Старшыня Вярхоўнага суда лэдзі Хейлі патлумачыла, што ўрад не падаў ніякіх разумных абгрунтаванняў, навошта перад самым запланаваным выхадам краіны з Еўрасаюза адпраўляць парламент на адпачынак на пяць тыдняў. Таму ўсе 11 суддзяў калегіі аднагалосна вырашылі, што гэтае рашэнне было незаконным.

Раней Джонсан адправіў парламент на перапынак да 14 кастрычніка. Выхад Вялікабрытаніі з ЕС прызначаны на 31 кастрычніка. 

Апаненты Джонсана заяўлялі, што ён адправіў парламент на адпачынак, каб парламентары не перашкаджалі яго, Джонсана, курсу на жорсткі разрыў з ЕС.

Мяркуецца, што пасля такога рашэння суда апаненты Джонсана настойліва запатрабуюць яго адстаўкі.

Вярхоўны суд пастанавіў, што час, калі адновіць працу парламент, павінны прызначыць спікеры Палаты абшчын і Палаты лордаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.