Вось дык Ханука! Народная амбасада Беларусі адкрылася і ў Ізраілі

"Ханука — гэта свята, якое сімвалізуе перамогу святла над цемрай" / depositphotos.com

Праект Народных амбасадаў Беларусі працуе і развіваецца па ўсім свеце. Сёння іх больш за дваццаць. Пра гэта заявіў намеснік прадстаўніка па знешніх сувязях Аб'яднанага пераходнага кабінета Уладзімір Астапенка.

"Маю гонар паведаміць пра адкрыццё яшчэ дзвюх народных амбасадаў — у Італіі і Ізраілі", — паведаміў дыпламат 22 снежня.

"Вельмі прыемна, што амбасада ў Ізраілі адкрылася ў перыяд святкавання Ханукі, — каментуе падзею яго прадстаўнік Барыс Сухадрэў. — Гэта свята, якое сімвалізуе перамогу святла над цемрай".

Як і ў іншых краінах, Народная амбасада Беларусі ў Ізраілі будзе прадстаўляць і абараняць яе інтарэсы на дыпламатычным узроўні, а таксама дапамагаць грамадзянам, якія былі вымушаныя пакінуць краіну.

“Задачы перад амбасадай стаяць разнастайныя, — працягвае Барыс Сухадрэў. — Гэта і прасоўванне медыйнай часткі праекта, наладжванне дыпламатычных сувязяў, у далейшым мы збіраемся праводзіць культурныя мерапрыемствы, звязаныя з беларускай ідэнтычнасцю, і таксама падтрымліваць нашы разнастайныя фонды і працягваць нашу гуманітарную дапамогу, якую мы ажыццяўляем да сёння і не ў рамках амбасады”.

Па словах прадстаўніка сусветнай супольнасці "Беларусаў замежжа" і каардынатара праекта "Народныя амбасады" Міхаіла Рубіна, у Ізраілі складваецца даволі самавітая каманда выхадцаў з Беларусі, якія гатовыя актыўна ўдзельнічаць у развіцці ініцыятывы.

“Калі я чую пра выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі, узгадваю гісторыю з нашым экзітполам. Роўна за дзень да выбараў у 2020 годзе мы агледзеліся, што не ахапілі Блізкі Усход, і звязаліся з выхадцамі з Беларусі ў Ізраілі, каб тыя правялі апытанне перад амбасадай. Тады мне адказалі, маўляў, "ой, не ведаем, у нас больш за 50 градусаў заўтра, яшчэ Шабат, транспарт не ходзіць — ну ніяк". А шостай раніцы прыходзіць sms-паведамленне: "Стаім пад амбасадай, раскладаемся — праз дзве гадзіны пачынаем працаваць".

Тады яшчэ ніхто не ведаў пра трагічную гісторыю, якая здарыцца з адным з грамадзянаў Ізраіля Аляксандрам Фруманам, які пацярпеў на сваёй Радзіме ў Мінску. Як пісала Еўрарадыё, 11 жніўня мужчына быў затрыманы, збіты і кінуты ў аўтазак. Аляксандру давялося некалькі гадзін стаяць з паднятымі рукамі ля сумна вядомай "Сцяны Плачу" ў Савецкім РУУСе проста за тое, што зрабіў фота на вуліцы. Пасля вяртання ў Ізраіль ён схадзіў да сапраўднай Сцяны Плачу ў Ерусаліме і пакінуў у ёй запіску: "Госпадзе, зрабі Лукашэнку тое, што яго карнікі зрабілі са мной".

Ліст Богу / Аляксандр Фруман

Па словах мужчыны, затрыманых падвяргалі самым жорсткім катаванням, а самому Аляксандру пагражалі абразаннем і нават смерцю.

Актывіст да гэтага часу працуе на тое, каб ні адзін з тых, хто здзекаваўся з яго і іншых беларусаў у 2020-м, не пазбегнуў адплаты. І менавіта ён разам з Барысам Сухадрэвам возьмецца за арганізацыю працы Народнай амбасады Беларусі ў Ізраілі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.