Віцебскі абласны суд ліквідаваў "Полацкі габрэйскі культурны цэнтр"

Віцебскі абласны суд ліквідаваў грамадскае аб'яднанне "Полацкі габрэйскі культурны цэнтр". Як піша "Віцебская вясна", рашэнне было прынятае 14 чэрвеня. Аб'яднанне існавала амаль 30 гадоў і займалася развіццём габрэйскай культуры. 

Дзякуючы дапамозе габрэяў з-за мяжы у Полацку ў 1990-х былі створаныя габрэйскі культурны цэнтр, дабрачынны цэнтр “Хэсэд-Эфраім”, вакальна-інструментальны ансамбль, нядзельная школа, абшчынны цэнтр, тры рэлігійныя грамады — хасідская, прагрэсіўнага юдаізму і арт-клуб ветэранаў, жаночы клуб, курсы па вывучэнні іўрыта і моладзевы клуб габрэйскага Агенцтва "Сахнут", сямейны клуб і шмат іншага. 

Праваабаронцы мяркуюць, што следам за "Полацкім габрэйскім культурным цэнтрам" улады ліквідуюць і іншыя габрэйскія арганізацыі рэгіёну. 

Ліквідацыя грамадскіх арганізацый у Беларусі ідзе з ліпеня 2021 года. Суды зачыняюць нават такія аб'яднанні, якк раварыстаў або пчаляроў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.