Вы тут

Віцебскага ціктокера пасадзілі за антываенны верш, дзе знайшлі абразу Лукашэнкі

Аляксей Вячэрні / pridvinje.by

На 1 год і 9 месяцаў пазбаўлення волі асудзілі 62-гадовага жыхара вёскі Вымна Віцебскага раёна Аляксея Вячэрняга. Як пішуць "Народныя навіны Віцебска", нагодай стаў відэаролік з вершам у TikTok, які прагледзелі 244 разы.

Відэаролік з вершам быў апублікаваны 20 сакавіка. Следства знайшло ў ім "выяўленую ў непрыстойнай, зніжанай і зняважлівай форме публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі, што негатыўна ацэньвае апошняга і ўтрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання".

Мужчына расказаў, што верш ён напісаў пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі былі абстраляныя ўкраінскія гарады. Потым ён запісаў відэаролік і апублікаваў у сацсетцы.

Сілавікі правялі ператрус дома ў Аляксея Вячэрняга, знайшлі сшытак з рукапісам верша, а таксама смартфон з уліковым запісам TikTok.

Мужчыну прызналі вінаватым у публічнай абразе кіраўніка Беларусі. 

Аляксей Вячэрні — этнічны ўкраінец, ён нарадзіўся ў Чаркаскім раёне. У Вымне ён стварыў аграэкасядзібу, дзе расце больш за 100 сліў і каля 90 вішань. Мужчына актыўна ўдзельнічае ў самадзейнасці і фестывалі нацыянальных культур. Пра яго неаднаразова пісала раённая газета "Жыццё Прыдзвіння".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.