Веру, што ўсё будзе добра, але так не адчуваю: гісторыя экс-флейтысткі ROKASH

Воля Іоль / архіў
Воля Іоль / архіў

"Што мне пагражае — адміністрацыйка або крыміналка, ніхто не сказаў, але папярэдзілі, што трэба ехаць. А я зразумела, што не хачу аддаваць сваё жыццё ў мясарубку беларускага рэжыму", — расказвае Еўрарадыё экс-салістка фолк-рок-гурта ROKASH Воля Іоль.

У юнацтве дзяўчына вучылася граць на флейце ў мінскай музычнай вучэльні, дзе пазнаёмілася з будучым палітыкам Марыяй Калеснікавай. Потым іх дарогі на час разышліся: Маша паступіла ў кансерваторыю, а Воля — у Акадэмію мастацтваў на гукарэжысёра, але музыкай займацца не перастала. Папрацаваўшы па кантракце ў Інданезіі, яна купіла сабе прафесійны фотаапарат, навучылася здымаць і разам з сябрамі адправілася ў кругасветку.

Вярнуўшыся праз два гады ў родны Мінск, Воля ўладкавалася працаваць фатографам у мадэльную школу. А потым здарыўся 2020-ы, які перавярнуў усё з ног на галаву.

Пакуль у гэтыя дні ў Эстоніі праходзіць выстава, прысвечаная кнізе Аляксея Пірса "Я выходжу", многія здымкі ў якой падпісаныя імем нашай суразмоўніцы, Воля хаваецца ў адэскім хостэле і шукае працу.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"Фатограф — прафесія, у якой ты пастаянна ўдасканальваешся" / архіў

Еўрарадыё: Можаш успомніць той час, калі ты адчувала сябе абсалютна свабоднай?

Воля: Я люблю падарожнічаць і заўсёды марыла адправіцца ў кругасветку: пабываць на ўсіх кантынентах, убачыць Антарктыду!

Вярнуўшыся з Інданезіі некалькі гадоў таму, заразіла гэтай ідэяй яшчэ некалькі чалавек. У 2017-м мы купілі машыну, пераабсталявалі яе ў дом на колах, правялі туды электраэнергію. У нас быў кілават гуку, калонкі і сябар-дыджэй.

Паехалі, нібы брэменскія музыкі: спачатку ў Расію, Асецію і Грузію. Падарожнічалі ў тых краях. Пасля Грузіі зноў вярнуліся ў Расію, пакінулі там машыну.

Потым ужо проста ўдваіх з сябрам-дыджэем адправіліся аўтаспынам праз Казахстан у Кітай, праехалі яго з захаду на ўсход, паляцелі ў В'етнам, там купілі матацыкл. Карацей, пабывалі ў Тайландзе, Малайзіі, Інданезіі, Ганконгу, В'етнаме, Індыі, Непале.

Падарожжа заняло крыху больш за два гады. З сабой на старце было толькі сто долараў. Зараблялі па дарозе. Першы год гралі на вуліцах музыку і прадавалі мае фатаграфіі. Такі абсалютны хіпі-трып.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"Калі выпраўляешся ў падарожжа, ты гатовы і да рызык, і да нейкіх экстрэмальных нават умоў" / архіў

Далей падарожнічаць было лягчэй і камфортней. Я грала на розных мерапрыемствах, што аказалася вельмі запатрабаваным у Індыі. У Інданезіі і Тайландзе працавала як фатограф.

Пасля гэтага падарожжа мы вярнуліся дадому перадыхнуць, але потым пачалася пандэмія, і нам давялося надоўга застацца ў Беларусі. У мяне было такое дзіўнае пачуццё, быццам бы хтосьці наўмысна закрыў межы менавіта для мяне, таму што я вельмі люблю падарожнічаць і мне гэтага не ставала.

 

Еўрарадыё: Як паўплывала на цябе лета 2020 года?

Воля: БЧБ-сцяг для мяне не той сцяг, які з'явіўся ў 2020 годзе. Я ведаю пра яго шмат гадоў, у мяне шмат сяброў, якія цікавяцца беларускай гісторыяй. Я грала ў беларускіх гуртах, каля шасці гадоў была флейтысткай ROKASH.

Я бачыла, што адбываецца ў Беларусі, і падтрымлівала пратэставы рух задоўга да 2020-га. Заўсёды суперажывала, заўсёды балела сэрца за краіну. Мы шмат выступалі, у тым ліку ў Польшчы і Літве перад беларусамі, якія былі вымушаныя з'ехаць раней.

Калі пачаліся пратэсты, я пачала хадзіць на разнастайныя акцыі, але не як чалавек з плакатам, а як фатограф. Дзякуючы добраму зуму ў камеры магла рабіць даволі буйныя планавыя здымкі, знаходзячыся на бяспечнай адлегласці. Я не журналіст, і ў мяне не было пасведчання, таму разумела, што магу папасціся і ніхто не дапаможа. Старалася быць вельмі асцярожнай.

Здымкі адпраўляла ў розныя рэдакцыі, быў такі перыяд, калі многія людзі сталі баяцца выходзіць з фотаапаратамі, таму я разумела, што мая праца можа спатрэбіцца. У выніку атрымалася вялікая колькасць фота- і відэаматэрыялу.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
Кніга Аляксея Пірса "Я выходжу" / архіў

Шмат маіх здымкаў ёсць у кнізе Аляксея Пірса "Я выходжу", у тым ліку і на вокладцы, дызайнер якой — Уладзімір Цэслер. Таксама мы надрукавалі каляндар пратэставай творчасці з меседжамі, якія людзі пісалі на сваіх плакатах, выходзячы на маршы. Выйшаў, па сутнасці, такі гістарычны прадукт. Каляндар выйшаў вельмі прыгожы, людзі набывалі яго, каб дарыць сябрам. Але цяпер на яго балюча глядзець, ён моцна паглыбляе ў падзеі, якія адбыліся пасля выбараў.

Наогул, я думаю, што мы ўсе вельмі траўмаваныя: і тыя, хто застаўся ў Беларусі, і тыя, хто з'ехаў. Становіцца цяжка трымаць усё ў сабе. На нашых акцыях у Адэсе я добра бачу гэтую калектыўную траўму народа, якую нам абсалютна несправядліва нанеслі.

 

Еўрарадыё: Ёсць нейкая гісторыя з мінулага года, якую ты не можаш забыць?

Воля: Самы страшны дзень — дзявятага жніўня. Пасля працы мы пайшлі на Стэлу. Я баялася ісці і прадчувала нешта сур'ёзнае і страшнае. Але побач былі сябры.

Бліжэй да поўначы паўсюль пачалі пускаць газ, лёталі святлошумавыя гранаты. Дзіўна, але мы не разумелі маштабу небяспекі ў той момант, нам усё здавалася не такім ужо страшным.

Памятаю, як потым ішлі па Ціміразева, потым сустрэлі хлопцаў са сцягамі, якія ішлі ў цэнтр. "Хадзем з намі!" — паклікалі яны.

Недалёка ад "Кароны" ёсць транспартная развязка на Кальварыйскай, там вельмі вузкі мост. Я ўжо тады разумела, што ісці па ім дрэнная ідэя, але мы ўсё ж пайшлі. Людзей шмат — атрымалася такая доўгая калона. Было неяк некамфортна. І раптам з грамадзянскай машыны проста ў нас пачалі кідаць святлошумавыя гранаты.

За мостам была горка, мы з'ехалі па ёй уніз на попах і ўрассыпную пабеглі ў бок "Каскада".

Адна граната выбухнула за метр ад мяне. Я ў нейкі момант была ў ступары. Потым мы ўцякалі па дварах, а за намі бегалі ціхары ў цывільным адзенні. Было адчуванне вайны.

Потым мы пайшлі з хлопцамі на чыгунку, доўга па ёй блукалі. Бліжэй да чатырох раніцы вырашылі, што пара дадому. У мяне кватэра на Паўднёвым Захадзе, дабіраліся туды па дварах, па кустах, таму што па дарогах ездзілі машыны, куды запіхвалі выпадковых мінакоў. Мы бачылі: звычайныя цывільныя машыны.

Потым развіднела.

Адчуванне, што пачалася вайна, не пакідала і ў наступныя дні. Не было інтэрнэту, паўсюды бамбіла і грукатала. Мы яшчэ доўга прымудраліся хадзіць гуляць, наведваць акцыі пратэсту, бегаць ад аўтазакаў і сілавікоў, якія былі проста паўсюды.

Наогул я вельмі баязлівы чалавек. З іншага боку, гэты ўнутраны страх нейкай боскай воляй адводзіў мяне ў той бок, у які трэба: раней, чым уключалі вадамёт, напрыклад, і гэтак далей. Мне заўсёды ўдавалася сыходзіць своечасова або не прыходзіць туды, куды не трэба.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
Не забудзем / архіў

Еўрарадыё: А добрая гісторыя?

Воля: Ніхто ніколі не ганарыўся, што нашай краінай кіруе Лукашэнка, што гэта твар нашай дзяржавы. Ён душыць усіх, хто прасоўвае нейкія высакародныя ідэі, і нагадвае жахлівага персанажа з нейкай страшнай казкі. Дастаткова паглядзець стары фільм "Банда" пра Дзмітрыя Завадскага і зніклых палітыкаў, каб зразумець, хто ён такі. Так было заўсёды, але беларусы занадта цярплівыя.

У 2020 годзе я ўбачыла, што нешта нарэшце можа памяняцца. Беларусы прачнуліся і паверылі ў цуд.

Паглядзіце, якая ў нас падрасла моладзь, я вельмі шчыра ёю захапляюся. Успомніце, колькі прыгожых беларусаў з кветкамі выходзіла на вуліцы, якія за святло, за дабро. І гэтая легендарная гісторыя з лаўкай, на якую людзі забраліся, разуўшыся. Як вадзічку раздавалі, як смецце збіралі, як самаарганізоўваліся, як адно аднаго пачалі называць коцікамі, таму што цудоўныя ж людзі вакол. Гэта вельмі натхняла і дарыла неймавернае пачуццё радасці і гонару за тое, што я беларуска.

Пакуль я падарожнічала па свеце, ніхто нідзе не ведаў, хто такія беларусы, і было неяк няёмка. А вярнуўшыся, я ўбачыла, як змянілася краіна. Нягледзячы на тое што я ўжо вельмі даўно ў нашым бчб-руху, я ніколі не была настолькі патрыятычна зараджаным чалавекам.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"...ніхто нідзе не ведаў, хто такія беларусы, і было неяк няёмка" / архіў

Еўрарадыё: Раскажы пра Марыю Калеснікаву, ты з ёй трохі знаёмая.

Воля: Я неймаверна ўражаная Машай. Мы не былі блізкімі сяброўкамі, але вучыліся ў аднаго выкладчыка ў музычнай вучэльні. Яна старэйшая за мяне на тры гады. Памятаю яе лёгкай, вясёлай, пастаянна трошкі на сцёбе. [Смяецца.] Маша заўсёды была з усмешкай, свяцілася пазітывам, несла радасць. Я не бачыла яе злой, хоць яна даволі ўладны чалавек.

Маша амбіцыйная, сапраўдны кансерваторскі музыкант. Калі ты хочаш дасягнуць у музыцы нейкіх поспехаў, ёю трэба пастаянна займацца, адточваць майстэрства, як у спорце. І ў Машы гэта атрымлівалася. Думаю, упартасць спатрэбілася ёй і ў палітычнай кар'еры.

Я памятаю, як яна рабіла свае першыя крокі: будучы PR-дырэктаркай OK16, дзе мы аднойчы нечакана сустрэліся, трапіла ў каманду Віктара Бабарыкі. Мне было цікава назіраць за ёй.

Памятаю першыя выступы, калі ў ёй яшчэ прысутнічала нейкая нясмеласць, і як яна паступова напаўнялася сілай і ўпэўненасцю. Сапраўдны прадстаўнік творчай інтэлігенцыі. У часы пратэстаў, калі пішуцца новыя песні, літаратурныя і мастацкія творы, развіваецца тэатр, такія людзі вельмі патрэбныя.

А яшчэ Маша вельмі свабодны чалавек. Яна доўга жыла ў Германіі, вярнулася ў Беларусь пасля смерці маці. Я ведаю, што, калі шмат падарожнічаеш, пачынаеш разумець рэальнасць куды шырэй, чым яна здаецца.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"Памятаю яе лёгкай, вясёлай, пастаянна трошкі на сцёбе" / Еўрарадыё
Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"Калі шмат падарожнічаеш, пачынаеш разумець рэальнасць куды шырэй, чым яна здаецца" / архіў

Еўрарадыё: Цябе не затрымлівалі, хоць ты актыўна хадзіла на маршы і фатаграфавала, але ўсё ж давялося з'ехаць. Што здарылася?

Воля: Я разумела, што мае звесткі пазначаныя ў кнізе і гэта ўжо рызыка, але выехала пасля таго, як у ліпені на працу да маёй сяброўкі прыйшлі супрацоўнікі КДБ. У яе прайшло два ператрусы — па месцы жыхарства і па месцы прапіскі, а таксама допыт. Потым мы сустрэліся і яна сказала, што мне трэба з'ехаць, таму што я ў іх наступная.

Я вельмі хутка сабрала рэчы, аддала сястры любімага ката, з якім пражыла 16 гадоў, дастала з тэлефона сімкі і пераехала за горад. Праз тыдзень, дарабіўшы ўсе справы, мы з сябрамі купілі тур і паехалі ў Адэсу, дзе я і засталася.

Да такіх перамен не была гатовая ні маральна, ні фізічна, ні матэрыяльна. Калі выпраўляешся ў падарожжа, ты гатовы і да рызык, і да нейкіх экстрэмальных нават умоў. Усё ўспрымаецца інакш.

Але калі ты з'язджаеш вымушана, то трапляеш у нейкую дэпрэсіўную яму. У Мінску ў мяне была камфортная кватэра, праца ў мадэльнай школе і шмат заказаў. Тут — нічога гэтага няма.

Каляндар са здымкамі Волі / архіў

Жыву ў хостэле, нас тут 24 чалавекі. Здымка бывае, але рэдка. Былі думкі вярнуцца, але сябра, які калісьці служыў у сілавых структурах, былыя калегі папярэдзілі, што мною зацікаўленыя.

Я дагэтуль да канца не апрытомнела, часам сяджу, гляджу на мора і плачу, але мяне вельмі падтрымліваюць беларусы, якія тут жывуць. У Адэсе вельмі душэўная беларуская дыяспара, але я думаю, куды адправіцца далей.

Сезон скончыўся, здымкі мала, перспектыў па працы не бачу. Прасіць у кагосьці грошы я не прывыкла, звяртацца ў фонды таксама не хачу, бо наўпрост мне ніхто не пагражаў.

Увогуле, цяпер мне то добра, то дрэнна — пастаянныя эмацыйныя арэлі. Я не хацела з'язджаць, я хацела паехаць падарожнічаць.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"У Адэсе вельмі душэўная беларуская дыяспара" / архіў
Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"Часам сяджу, гляджу на мора і плачу" / архіў

Еўрарадыё: Як ты думаеш, што будзе далей?

Воля: Мне здаецца, што рэжым сам сябе зжарэ. Рэжым азвярэў. Паглядзіце, як улады правакуюць еўрапейскае грамадства з гэтымі міграцыйнымі скандаламі на межах. Адбываецца поўны цырк, які не можа працягвацца бясконца.

Вядома, гэта скончыцца. Але пакуль у мяне няма адчування пазітыўнага канца. Ад думкі, што нас могуць прадаць у найбліжэйшай будучыні, становіцца вельмі сумна. Я веру, што ўсё будзе добра, але так не адчуваю.

Хоць мы вельмі вартыя перамогі і таго, каб жыць у свабоднай краіне, таму што беларусы сапраўды неймаверныя — з прыгожымі душамі, добрымі сэрцамі, усёй гэтай узаемадапамогай. І вось гэтая вось трохі сентыментальная любоў, якая прачнулася ва ўсіх да сваёй радзімы. Напэўна, нам трэба было прайсці праз нейкі страх, каб палюбіць і адно аднаго, і краіну. Нарадзіць у сабе сваю нацыю.

Я беларуска і заўсёды казала, што беларуска, але цяпер я кажу гэта з нейкім унутраным цяплом, радасцю і гонарам. Мне пашчасціла нарадзіцца на гэтай зямлі і вырасці ў нашай культуры і сярод нашых людзей.

Верю, что всё будет хорошо, но так не чувствую: история экс-флейтистки ROKASH
"Я дагэтуль да канца не апрытомнела" / архіў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі