Ва ўкраінскія парты прыбылі замежныя караблі, якія павінны вывезці збожжа

Ва ўкраінскія парты прыбылі восем замежных суднаў, якія павінны экспартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю, паведамляе прэс-служба Ваенна-марскіх сіл Украіны. 

"Па звароце Міністэрства інфраструктуры Украіны, Ваенна-марскія сілы УС Украіны далучыліся да арганізацыі забеспячэння перавозак грамадзянскімі суднамі аграпрадукцыі праз вусце Гірла ракі Дунай — Чорнае мора", — гаворыцца ў паведамленні.

Удакладняецца, што выкарыстанне каналу стала магчымым дзякуючы вызваленню вострава Змяіны, бо ён мае стратэгічнае значэнне: дазваляе кантраляваць надводную і, часткова, паветраную прастору на поўдні Украіны. Гэтым карысталіся расійскія вайскоўцы, калі блакавалі рух грамадзянскіх суднаў у гэтым рэгіёне Украіны.

"Раней з-за блакады грамадзянскага суднаходства сусветным марскім кампаніям даводзілася выкарыстоўваць канал Суліна, што стала прычынай скаплення вялікай колькасці судоў і значнай перагрузкі канала", — тлумачыцца ў паведамленні.

Ад пачатку вайны ва ўкраінскіх партах былі заблакаваныя мільёны тон збожжа, значная частка якога прызначалася для Сусветнай харчовай праграмы ААН па барацьбе з сусветным крызісам.

Большасць украінскіх партоў па-ранейшаму зачыненыя. Расійская армія працягвае наносіць удары па аб'ектах крытычнай інфраструктуры і грамадзянскім судам у Чорным моры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.