Ва Украіне ў некаторых абласцях добраахвотнікаў тэрабароны просяць здаць зброю

Ва Украіне ў некаторых абласцях добраахвотнікаў тэрабароны просяць здаць зброю

Ва Украіне ў некаторых абласцях добраахвотнікаў тэрытарыяльнай абароны просяць здаць на захоўванне раней атрыманую зброю. Яе можна будзе браць на трэніроўкі і атрымаць пры неабходнасці. Як піша УНІАН, са зваротам да байцоў звярнуўся камандуючы Сіламі тэрытарыяльнай абароны Узброеных сіл Украіны брыгадны генерал Юрый Галушкін. З яго вынікае, што зброю хочуць забраць у добраахвотнікаў у тых абласцях, якія былі вызвалены ад расійскіх акупантаў і ў якіх цяпер не вядуцца баявыя дзеянні. Сярод іх — Кіеўская, Чарнігаўская вобласці.

"На гэтых тэрыторыях трэба выконваць задачы, звязаныя з аднаўленнем нашых гарадоў і вёсак, аднаўляць эканоміку, вяртацца да працы, — гаворыцца ў звароце Галушкіна. — Менавіта таму ў гэтых рэгіёнах час засяродзіць зброю ў пэўных месцах захоўвання".

Брыгадны генерал падкрэслівае, што байцы тэрытарыяльнай абароны будуць мець доступ да сваёй зброі: "Мы будзем трымаць порах сухім". Ён дзякуе ім за "матываванасць і адказнасць". У некаторых раёнах менавіта байцы тэрытарыяльнай абароны ў лютым — пачатку сакавіка спынілі прасоўванне калон расійскіх войск. Гэта дало магчымасць украінскім вайскоўцам перагрупаваць свае сілы.

Жаданне забраць зброю ў тэрытарыяльнай абароны ў абласцях, дзе няма баявых дзеянняў, можа быць звязана і з жаданнем украінскіх уладаў выключыць узнікненне "непажаданых інцыдэнтаў з яе выкарыстаннем". У некаторых падраздзяленняў "партызанаў" была нават "трафейная" бронетэхніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі