УСУ зноў абстралялі Антонаўскі мост пад Херсонам — 166-я раніца вайны ва Украіне

Расіяне, верагодна, паскараюць падрыхтоўку да "псеўдарэферэндумаў" на акупаваных тэрыторыях / УНІАН
Расіяне, верагодна, паскараюць падрыхтоўку да "псеўдарэферэндумаў" на акупаваных тэрыторыях / УНІАН

Асноўныя баі ў мінулыя суткі ішлі на Данбасе. Расіяне атакавалі на паўднёвым захадзе і паўднёвым ўсходзе ад Ізюма, на ўсходзе ад Северска і на ўсходзе і поўдні ад Бахмута, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Верагодна, падраздзяленням УС РФ удалося дамагчыся паступовых поспехаў у населеных пунктах на паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй ускраінах Данецка. На гэтым кірунку яны працягваюць спробы прарваць ўкраінскія абарончыя рубяжы ўздоўж лініі судакранання Аўдзееўка-Данецк. Акрамя таго, учора расійскія войскі спрабавалі прасунуцца на ўсход ад Мікалаева, але беспаспяхова.

Украінскія СМІ пішуць, што УСУ мінулым вечарам зноў ударылі па Антонаўскім аўтамабільным мосце праз Днепр у прыгарадзе Херсона. Раніцай гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў прэс-цэнтры Сіл абароны поўдня Украіны. Ёсць трапленні — "дастаткова сур'ёзныя — як па Антонаўскім, так і па Кахоўскім мастах",цытуе УНІАН начальніцу прэс-цэнтра Наталлю Гумянюк. Нагадаем, у канцы ліпеня стратэгічны мост пасля абстрэлаў УСУ быў сур'ёзна пашкоджаны, расіяне спрабавалі яго адрамантаваць.

Акрамя Херсона, паводле звестак УНІАН, выбухі мінулым вечарам гучалі ў Скадоўску, Чарнабаеўцы, Чаплінцы, Алешках і Новай Кахоўцы — гэтыя населеныя пункты знаходзяцца пад кантролем расійскіх войскаў.

ВСУ снова обстреляли Антоновский мост под Херсоном — 166-е утро войны в Украине
Пажар у раёне Антонаўскага моста пад Херсонам / @uniannet

Украінскія вайскоўцы мінулай ноччу абстралялі пункты дыслакацыі расійскіх войскаў у акупаваным Мелітопалі, сцвярджае мэр горада Іван Фёдараў. Білі ракетамі HIMARS — па прамысловых пляцоўках у розных раёнах горада.

"Па папярэдніх падліках знішчана значная колькасць ваеннай тэхнікі. Больш за 100 расійскіх салдат, якія ў гэтую ноч знаходзіліся ў часовых казармах", — напісаў Фёдараў ў Telegram. Ён нагадаў, што на мінулым тыдні расіяне перацягнулі значную частку СПА з Мелітопаля ў Херсон. А тыя падраздзяленні, што засталіся, не здольныя супраціўляцца HIMARS. "Паслабленне сістэмы СПА стварае неабходныя перадумовы для паспяховага контрнаступлення на мелітопальскім кірунку", — мяркуе Фёдараў.

Расіяне са свайго боку мінулай ноччу абстралялі Днепрапятроўскую вобласць. Білі "Градамі". Пад ударам быў і Харкаў. Па словах гарадскога галавы Харкава Ігара Церахава, у горадзе прагрымела не менш за 7 выбухаў. Па папярэдніх дадзеных, расіяне патрапілі ў інфраструктурны аб'ект. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.

А ў Херсоне расіяне пачалі мініраваць жыццёва важныя камунікацыі — такім чынам яны рыхтуюцца да магчымага контрнаступлення УСУ. Так лічаць у Херсонскай абласной адміністрацыі. Замініраваныя апынуліся сістэмы газа -, электра - і водазабеспячэнне. Пра гэта піша "Громадське".

І ў Мелітопалі, і ў Херсоне, а яшчэ ў Луганскай вобласці, расіяне "магчыма, паскараюць падрыхтоўку да незаконных псеўдарэферэндумаў з нагоды расійскай анэксіі акупаванай украінскай тэрыторыі". Такую выснову робяць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

Так, па словах мэра Мелітопаля Фёдарава, расіяне падобна адмовіліся ад Адзінага дня галасавання і "разглядаюць магчымасць сямідзённага "галасавання на даму". Мяркуецца, што на працягу тыдня "узброеныя расійскія вайскоўцы будуць хадзіць па дамах і "апытваць" жыхароў Мелітопаля".

"Адмаўляючыся ад магчымасці асабістага галасавання і пераходзячы да апытанняў па дамах, расійскія акупацыйныя ўлады павялічваюць свае магчымасці для прамога запалохвання ўкраінскіх грамадзянскіх асоб" ,—  мяркуюць эксперты Інстытута.

У выпадку правядзення так званых "рэферэндумаў" на часова захопленых тэрыторыях поўдня перамовы з Украінай для РФ будуць закрытыя. Пра гэта папярэдзіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце да народа.

"Мы нічога свайго не аддамо, а калі акупанты пойдуць [шляхам] гэтых псеўдарэферэндумаў, то для сябе ж закрыюць любую магчымасць перамоваў з Украінай і вольным светам, якія расійскаму боку адназначна спатрэбяцца ў пэўны момант", — заявіў Зяленскі

Тым часам петыцыя з прапановай забараніць грамадзянам Расіі ўезд на тэрыторыю Украіны на наступныя 50 гадоў сабрала ўжо больш за 25 тысяч галасоў. Цяпер на яе абавязаны адрэагаваць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адзначае УНІАН. Аўтары звароту прапануюць забараніць наведваць тэрыторыю Украіны ўсім расіянам, акрамя тых, хто ваяваў на ўкраінскім баку. Нагадаем, з 1 ліпеня Кіеў увёў візавы рэжым для грамадзян РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі