Унукі адправілі сваю 80-гадовую бабулю на курсы кіроўцаў, каб не сумавала

Жанчыны больш пільна вывучаюць правілы дарожнага руху, а хлопцы-падлеткі першымі “вылятаюць” з аўташколаў. У аварыю патрапіць можна нават на аўтадроме, а каньяк з цукеркамі для дырэктара ніхто пакуль не адмяняў Атрымаць аўтамабільныя правы заўжды было няпроста. Дзеля гэтага, як мінімум, трэба дастаткова доўга пасядзець над правіламі дарожнага руху, падвучыць тэарэтычную частку і пісьменна прадэманстраваць інструктару свой досвед у кіраванні аўтамабілем.

Праблемы ў беларусаў узнікаюць на кожным этапе гэтага працэсу. У Алега Квача, юрыста з Маладзечна, падчас навучання адна дзяўчынка з групы, напрыклад, патрапіла ў сваю першую аварыю ўжо на аўтадроме:

Алег Квач: “Ёсць такі абавязковы элемент на аўтадроме — горка. Там папросту трэба заехаць, а потым з’ехаць з яе. А праз тры метры — сцяна стаяла, таму адразу пасля горкі трэба было паварочваць направа. Ну дык яна нешта так перапужалася, што павярнула направа да таго моманту яшчэ, як з’ехала з горкі, і перакуліла машыну”.

Сам жа малады спецыяліст лічыць, што не здаў з першага разу тэорыю толькі з-за таго, што яго сурочыла завуч аўташколы: папрасіла слабей націскаць на клавішы, каб не зламаць кампутар. Пасля гэтага Алег памыліўся ва ўсіх трох пунктах трэцяга білета.

Аднак, напэўна, самы распаўсюджаны стэрэатып адносна атрымання аўтамабільных правоў — гэта тое, што маладзейшым прасцей атрымаць пасведчанне аўтамабіліста. Аднак Леанід Белакурскі, дырэктар сталічнай аўташколы “Аўтаправа”, распавёў Еўрарадыё гісторыю пра 80-гадовую жанчыну, якую на курсы прывялі ўнукі:

Леанід Белакурскі: “Ёй сумна дома сядзець, дык яе ўнукі адправілі вучыцца да нас у аўташколу. У выніку з першага разу здала на правы. Але калі тэорыю яна вывучыла, то кіраванне… Акрамя абавязковых гадзін, для яе ўнукі ўзялі каля 40 дадатковых заняткаў! Уявіце сабе, як было працаваць інструктару: кожны дзень яна прыходзіла і не памятала тое, што ёй учора казалі. І ён з ёй то ў горад, то на аўтадром, потым ізноў у горад, потым ізноў на аўтадром… Аднак здала ў ДАІ з першага разу. Выснова адна: праца і рукі — моцныя зарукі!”

На думку Леаніда Пятровіча, найскладаней працаваць не з занадта маладымі ці сталымі людзьмі, і не з жанчынамі-бландынкамі, а з тымі, хто ўжо мае нейкі досвед у кіраванні машынай:

Леанід Белакурскі: “Мне як інструктару заўжды цяжка працаваць з тымі, хто ўжо ўмее кіраваць машынай. Маўляў, бацька, напрыклад, навучыў чамусьці ўжо, а дзе гарантыя, што правільна навучыў? Бо ў аўташколе паводле вызначэння вучаць правільна. А чалавека ўжо навучылі па-іншаму. “А мне гэтак казалі”, “а я так раблю...” — таму і пачынаюцца канфлікты паміж курсантамі і інспектарамі”.

Існуе гэтаксама статыстыка адносна жанчын, якія “змагаюцца за гендэрную раўнавагу на беларускіх дарогах”. Як сцвярджае Вольга, адказная супрацоўніца сталічнай аўташколы “Avto Stellar”, жанчыны складаюць абсалютную большасць у вечаровых ды групах выходнага дня. А вось маладыя хлопцы, як ні дзіўна, заўжды стаяць у першых чэргах на адлічэнне.

Вольга: “Нельга дакладна сказаць, што паспяховасць падчас навучання залежыць ад узросту. Не. Вось у групах, якія займаюцца па вечарах ці на выходных, больш за 80% — гэта жанчыны. Аднак нельга сказаць, што маладзейшыя дзяўчыны хутчэй здаюць іспыты. Вось ёсць дакладная тэндэнцыя, што маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 20 год часцей за ўсіх астатніх падпадаюць пад адлічэнне. Папросту не здаюць іспыты па тэорыі, часцей за ўсё. Папросту ці то вучыцца не жадаюць, ці то напружвацца”.

Вядома ж, не абыходзіцца і без розных “падарункаў” у аўташколах. Прычым, пра грошы там ніхто не гаворыць, а вось пра каньяк, цукеркі ды асабістае стаўленне Еўрарадыё расказаў Мікалай Каваліхін, бубнач сталічнага гурта “ВСЁ Crazy”:

Мікалай Каваліхін: “У мяне неяк не атрымлівалася прыехаць здаваць іспыт у прызначаны маёй групе дзень. Я пра гэта паведаміў інструктару, а ён мне на гэта адказаў, што калі я не прыеду, то не здам наогул ніколі. Так яно амаль што і атрымалася, бо я некалькі разоў потым прыязджаў і інструктар мне не ставіў залік. Можа я яму папросту асабіста не падабаўся… У выніку давялося знайсці знаёмага, які ведае нейкім чынам дырэктара аўташколы… ведаеце, як бывае: давялося адвезці каньяку з цукеркамі. Потым мяне пасадзілі да іншага інструктара і я здаў іспыт з першага разу”.

Паводле статыстыкі, па краіне найбольшы адсотак тых, хто здае з першага разу іспыты ў ДАІ, у Мінску — каля 60%. А вось на апошнім месцы ў гэтым рэйтынгу — Гродна. Як паведаміў Еўрарадыё Аляксей Фіцько, кіраўнік аддзялення агітацыі і прапаганды Гродзенскай ДАІ, з 250 чалавек, якія прыходзяць кожны дзень здаваць толькі тэорыю, 200 вяртаюцца на паўторнае выпрабаванне:

Аляксей Фіцько: “З першага разу ў горадзе Гродне здаюць іспыты ў ДАІ 38%. Гэта, безумоўна, толькі вяршыня айсберга. Бо вельмі шмат людзей прыходзіць не ў сваіх вучэбных групах здаваць. У сярэднім у Гродне людзі атрымліваюць правы толькі з 6-га ці з 7-га разу”.

Якая б там ні была статыстыка, Еўрарадыё нікому не раіць пужацца. Каб атрымаць аўтамабільныя правы, вам не дапаможа ані статыстыка, ані нейкія адмысловыя людзі. Папросту трэба сесці і падрыхтавацца да іспытаў. А здарыцца падчас іспытаў можа ўсё што заўгодна. Гэтак жа, як і ў будучыні на дарогах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі