Вы тут

Улады зноў абяцаюць вызваліць настаўнікаў ад папяровай работы, як 10 гадоў таму

Што складаней: вучыць дзяцей або запаўняць шматлікія паперкі?​

Афіцыйныя СМІ апублікавалі 19 студзеня "асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады": шмат старонак пра тое, якой краіна павінна стаць за пяць гадоў. Планы беларускія чыноўнікі ўмеюць пісаць на выдатна.

Адзін з пунктаў праграмы — пра тое, што "будзе выключаная практыка выканання настаўнікамі неўласцівых ім функцый, скарочаны дакументаабарот ва ўстановах адукацыі", — выклікаў адчуванне дэжавю. Еўрарадыё ўспамінае, колькі разоў і калі ўлады абяцалі вызваліць настаўнікаў ад лішняй працы.

Іншая краіна, тыя ж праблемы

У 2011-м Беларусь была, здаецца, зусім іншай краінай. Але праблемы ў ёй былі тыя ж. Тады ж, на нарадзе "педагагічнага актыву", пра залішнюю нагрузку загаварыў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамляла прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка запатрабаваў "неадкладна выключыць неапраўданае павелічэнне нагрузкі на настаўнікаў і выкладчыкаў, звязанай з гэтак званай паператворчасцю". Мэтай ён называў стварэнне адзінага электроннага рэестра дакументаабароту.

І вось прайшло дзесяць гадоў, у "лічбавізацыю" адукацыі ўкладваюцца мільёны долараў, а многія дакументы педагогі па-ранейшаму вымушаныя запаўняць ўручную. Паўнавартасна нават на "электронны журнал" ніхто не перайшоў: ён не замяняе папяровага. Што ўжо гаварыць пра такія функцыі, як збор грошай на падпіску на "Юный спасатель" або падрыхтоўка шматлікіх справаздач.

"Добра забытае" старое

На прэс-канферэнцыі ў 2013-м Лукашэнка шчыра здзівіўся пытанню пра празмерна нізкія заробкі і вельмі высокія "неспецыфічныя" нагрузкі на педагогаў.

— Вось тое, што кучу папяровай работы робяць, для мяне гэта, вядома, навіна. Калісьці я ўжо змагаўся з гэтым, — сказаў ён і пусціўся ва ўспаміны. — Успамінаю: я прыходжу на ўрок, а мне загадчыца, мая будучая цешча, кажа: "Слухай, плана няма ў цябе". А я кажу: "А мне не патрэбны план (у мяне план быў на паўстаронкі). Пойдзем, кажу, да мяне на ўрок, паслухай, я нармальна даю ўрок ці не". Мне з ёй было прасцей размаўляць, але з іншымі ж па-іншаму размаўлялі: "Трэба на паўсшытка план". Я не думаю, што цяпер такія патрабаванні. Ужо стаўшы прэзідэнтам, я, калі Радзькоў быў міністрам адукацыі, яго катэгарычна папярэдзіў, што настаўніку нельга навязваць, які план рабіць і што яму ў гэтым сшытку на ўрок пісаць. Прыходзь, кантралюй і рабі высновы. Калі гэта засталося — сапраўды, я тады не ведаю…

 

Агучаную журналістамі крытыку ён паабяцаў пачуць і прыняць пад увагу.

Дарэчы, Аляксандр Радзькоў, якога Лукашэнка ўспамінаў як экс-міністра адукацыі, сапраўды ўздымаў пытанне з нагрузкай настаўнікаў: прапаноўваў падняць на поўную стаўку з 18 да 20 гадзін на тыдзень! Лукашэнка вярнуўся да гэтага пытання праз год, але на нарадзе па аграрнай палітыцы. Нічога тады так і не вырашылі.

Новы міністр, старыя абяцанні

2015 год. На прэс-канферэнцыі ў студзені Лукашэнка зноў патрабуе вызваліць настаўнікаў ад лішняй працы. У Беларусі ўжо іншы міністр адукацыі — Міхаіл Жураўкоў. У жніўні (гэта значыць праз паўгода пасля даручэнняў) ён абяцае, што хутка "цалкам знікне пытанне з дадатковай "папяровай" нагрузкай для настаўнікаў".

— На сёння велізарную колькасць праблем, звязаных з дакументаабаротам, мы ўжо знялі. Пастараемся наогул сысці ад гэтай праблемы на працягу наступнага навучальнага года.

Мы не ведаем, ці ўдалося Жураўкову выканаць сваё абяцанне, таму што вонкава ў 2015/2016 навучальным годзе папяровая цяганіна як была, так і заставалася, а неўзабаве яго замяніў на пасадзе міністра былы кіраўнік беларускіх камуністаў Ігар Карпенка.

...пачынай спачатку

З прыходам Карпенкі старыя праблемы нікуды не дзеліся. Але замест вырашэння пытання з лішняй папяровай работай і абавязкамі арганізоўваць наведванні школьнікамі хакейных матчаў міністэрства займалася іншымі пытаннямі. Напрыклад, некалькі гадоў старанна перапісвала Кодэкс аб адукацыі.

На "педсавеце" ў жніўні 2017-га да праблемы вярнуўся Лукашэнка.

— Летась міністэрства запэўніла: прыняты вычарпальны пералік школьнай дакументацыі, пытанне залішняй нагрузкі знятае. Аднак мне дакладваюць, што нашы выкладчыкі па-ранейшаму скардзяцца на гэту праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю.

 

У 2018-м міністэрства прыдумала спіс дакументаў, якія павінны весці настаўнікі: там толькі паўрочнае планаванне, дзённікі, журнал і каляндарна-тэматычнае планаванне. Праўда, папяровая нагрузка на самай справе нікуды не знікла. І Лукашэнка зноў узяўся вырашаць пытанне ў 2019-м.

— Там, дзе трэба прыбраць лішняе ад настаўнікаў — усякія справаздачы, самасправаздачы, — гэта факт. Але настаўнік не павінен забываць, што яго пакліканне такое, што яго месца працы не толькі ў школе. Ён наогул цэнтральная фігура ў нашым грамадстве. Гэта чалавек, які мае веды. І ён разам з лекарам, асабліва ў малых, сярэдніх гарадах, вёсках, аграгарадках — галоўная зорка і свяціла.

 

Нарэшце, зноў абяцаў пазбавіць настаўнікаў ад лішняй нагрузкі Лукашэнка перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020-га. Праўда, пытанне яшчэ не закрытае.

Мяркуючы па ўсім, так яго і будуць вырашаць: у рамках праграмы развіцця да 2025-га. А там, можа, і да 2030-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.