Улады ліквідавалі пункт размяшчэння мігрантаў у "Брузгах"

Беларускія ўлады ліквідавалі пункт размяшчэння мігрантаў у лагістычным цэнтры "Брузгі", паведамляе Памежны камітэт. 

98 мігрантаў у ноч на 22 сакавіка вярнуліся эвакуацыйным рэйсам з Мінска ў Эрбіль. Рэйс быў арганізаваны Міжнароднай арганізацыяя па міграцыі.

Астатніх замежнікаў часова рассялілі ў гатэлях і санаторыях. Яны чакаюць наступных вывазных рэйсаў. Па стане на 20 сакавіка ў "Брузгах" жыло 409 мігрантаў.

Памежны камітэт Беларусі заяўляе, што рашэнне вярнуцца ў свае краіны мігранты прынялі самастойна і яно "шмат у чым прадыктавана ўсведамленнем бессэнсоўнасці чакання". Аднак на пачатку сакавіка мігранты з "Брузгоў" распавядалі пра візіты ўзброеных людзей, якія папярэджвалі, што неўзабаве ім давядзецца пакінуць лагістычны цэнтр.

Мігранцкі крызіс на межах Беларусі і Еўрасаюза пачаўся год таму. Спярша нелегальныя мігранты ішлі пераважна ў Літву, потым у Польшчу. Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы абвастрылася ў лістападзе 2021 года. Мігранты спярша разбілі лагер на мяжы, а потым ім далі магчымасць жыць у лагістычным цэнтры.

Заходнія палітыкі назвалі гэтыя дзеянні формай гібрыднай вайны і абвінавацілі афіцыйны Мінск у яе арганізацыі. Пагатоў, што ў Мінск былі арганізаваныя спецыяльныя авіярэйсы з краін Блізкага Усходу. Польскія памежнікі неаднаразова паведамлялі, як беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам перасякаць мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.