Украінскіх прапаведнікаў, арыштаваных нібыта за лаянку, адправілі на радзіму

6 красавіка з Мінску ва Украіну дэпартавалі трох пратэстанцкіх прапаведнікаў, якія адбывалі адміністрацыйны арышт. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў юрыст Сяргей Луканін

"Хрысціянскія прапаведнікі з Украіны, арыштаваныя па ілжывым абвінавачанні ў нецэнзурнай лаянцы, сёння пад канвоем былі дастаўленыя ў аэрапорт і пасаджаныя ў самалёт, які ляціць ва Украіну. Дзякуй Богу, хоць так. Нагадаю, што пасля затрымання яны паспелі перадаць сваім сябрам аб тым, што іх настойліва распытваюць "пра нейкі джып". Веру, што нашыя малітвы, а таксама асвятленне гэтай сітуацыі ў СМІ ўтрымалі супрацоўнікаў спецслужбаў ад фабрыкацыі працягу гісторыі аб прарыве чорнага джыпа са зброяй праз украінска-беларускую мяжу", — напісаў Луканін. 

Ашота Саркісяна, Леаніда Намерчука і Уладзіслава Ярмолава затрымалі ў Мінску 22 сакавіка. Іх абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і асудзілі на 15 сутак.

У каментары tut.by Луканін распавёў, што ў Мінск на біблейскія семінары прыехала група паслядоўнікаў царквы "Добрая Навіна" з розных гарадоў Украіны. Астатнія ўдзельнікі семінараў нават не мелі часу пабачыцца з арыштаванымі прапаведнікамі пасля вызвалення. Усе ўдзельнікі семінараў пакідаюць Беларусь сёння на аўтобусе. 

Пра джып, якім цікавіліся ва ўкраінскіх прапаведнікаў, стала вядома 20 сакавіка. Памежны камітэт заявіў, што гэты аўтаамбіль спрабаваў прарвацца ў Беларусь з боку Украіны. У машыне пасля затрымання знайшлі пісталет маркі ТТ і два падрыхтаваныя магазіны, а таксама "прадмет, знешне падобны да ​​трацілу, і электрадэтанатары". Пазней беларускі бок прызнаў, што не мае доказаў, што аўтамабіль прыбыў з тэрыторыі Украіны.