Украіна прыбрала свой стэнд на Мінскай кніжнай выставе ў салідарнасць з Жаданам

Украінская дэлегацыя пакінула Мінскую кніжную выставу ў знак пратэсту супраць затрымання паэта Сяргея Жадана. Фотаздымак пустога нацыянальнага стэнду Украіны выклаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Павел Белавус.

“Сорам! Я ў Белэкспа зазірнуў, а там вось так зараз выглядае нацыянальны стэнд Украіны на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе. Украінская дэлегацыя такім пратэстам падтрымала свайго дэпартаванага з Беларусі паэта Сяргея Жадана”, — напісаў Павел Белавус.

Сяргею Жадану, які цяпер знаходзіцца ў Мінску на паэтычным фестывалі “Вершы на асфальце”, забаранілі ўезд у Беларусь, бо ён персона нон-грата ў Расіі. Літаратар павінен пакінуць краіну цягам трох сутак.