Украіна хоча адхіліць Беларусь і Расію ад сусветнага спартыўнага руху

Украіна хоча адхіліць Беларусь і Расію ад сусветнага спартыўнага руху. Пра гэта піша ў Facebook кіраўнік Міністэрства моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт. Ён правёў анлайн-нарады з усеўкраінскімі федэрацыямі па алімпійскіх і неалімпійскіх відах спорту. "Абмеркавалі далейшыя супольныя дзеянні па ўсебаковым абхіленні спартсменаў краін-агрэсараў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах", — паведамляе міністр.

Гутцайт нагадвае, што падчас вайны Расіі супраць Украіны ўжо загінулі больш за 70 украінскіх спартсменаў і трэнераў. А "прадстаўнікі РФ і РБ шукаюць магчымасці заявіць пра сябе на міжнароднай арэне, выступаючы пад нейтральным белым сцягам, — піша ўкраінскі міністр. — Гэта недапушчальна! Спартсмены гэтых краін не могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах ані пад уласнымі, ані пад нейтральнымі сцягамі, паколькі маўкліва пагаджаюцца з забойствам украінцаў, або адкрыта гэта падтрымліваюць".

Украінскім федэрацыям прапанавана звяртацца ў міжнародныя спартыўныя федэрацыі і патрабаваць не дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў. Калі ж дапусцяць, то "украінскія спартсмены гатовыя блакаваць іх выступы і байкатаваць такія спаборніцтвы".

Дзеля справядлівасці адзначым, што ёсць нямала беларускіх атлетаў, якія падпісалі міжнародную Антываенную дэкларацыю спартсменаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.