Удзельнікаў Be Free чакае 16 гадзін музыкі і семінары па правах чалавека

Арганізатары фестывалю распавялі Еўрарадыё, чым збіраюцца здзіўляць наведвальнікаў, як стаць валанцёрам і як паўплываць да будучыню Be Free + Усе варыянты даезду! Міжнародны рок-фэст Be Free стартуе ва ўкраінскім Чарнігаве 22-га жніўня. Арганізатары фестывалю музыка Слава Корань і прадзюсер Віталь Супрановіч распавялі Еўрарадыё пра тэхнічныя асаблівасці сёлетняга Be Free.

У сувязі з існаваннем ва Ўкраіне закону правядзення забаўляльных мерапрыемстваў, фэст Be Free сёлета будзе пачынацца пасля 14-й гадзіны, а заканчвацца а 22-й. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Слава Корань:

Слава Корань: “Фэст у першы дзень будзе пачынацца ў 14.30, а заканчвацца кожны дзень у 22.00. Другі фестывальны дзень пачнецца ў 14.15. Чаму так рана завяршаецца рок-фэст? Таму што ва Ўкраіне існуе закон, паводле якога падобныя мерапрыемствы павінны завяршацца а 22-й гадзіне”.

Апроч канцэртаў, жыхары намётавага мястэчка, што разгорнецца недалёка ад сцэны, змогуць узяць удзел у семінары, прысвечаным правам чалавека. Паводле слоў Віталя Супрановіча, на семінары будуць разглядацца пытанні рознага кшталту, у тым ліку будучыні фэсту Be Free:

Віталь Супрановіч:
“Для жыхароў намётавага мястэчка, а таксама для жадаючых, у вольны ад канцэртаў час будуць праводзіцца семінары па правах чалавека. Можна будзе сустрэцца з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый Беларусі і Ўкраіны. Будзе адбывацца абмеркаванне сітуацыі, у тым ліку і абмеркаванне будучыні Be Free”.

Двухдзённы ўваход ў намётавае мястэчка сёлета будзе каштаваць 5 долараў. Сабраная сума пойдзе на забеспячэнне аховы намётаў. Недалёка ад мястэчка будзе знаходзіцца платны паркінг.

Для тых, хто хацеў бы начаваць не ў намётах, ёсць нумары ў гатэлі "Брянск" – са “зручнасцямі” на калідоры і сярэдняй цаной на асобу ў 5 еўра за ноч. Кантакты гатэлю "Брянск" тут: http://turist.cn.ua/index/0-6

Дабрацца да фэсту Be Free можна рознымі спосабамі: нездарма арганізатары спыніліся на Чарнігаве – геаграфічна трапным месцы каля расійскай і беларускай мяжы.

Дзеля таго, каб прыехаць на фестываль у час, а таксама ўладкавацца ў намётавым мястэчку, лепш патрапіць у Чарнігаў раніцай 22-га жніўня.

Еўрарадыё прапануе некалькі варыянтаў даезду на фэст Be Free:

Назва цягніка

Час адпраўлення з Мінска

Час прыбыцця ў Чарнігаў

Кошт квітка ў плацкарце

Мінск-Кіеў

20.50

04.52

65 000

Апроч дарагога даезду, да Чарнігава можна дабрацца і за 40 тысяч рублёў, зрабіўшы перасадку ў Гомелі:

Назва цягніка

Час адпраўлення з Мінска

Час прыбыцця ў

Гомель

Кошт квітка ў плацкарце

Мінск-Кіеў

20.50

01.56

17 000

Мінск-Сімферопаль

22.08

 03.04

17 000

У Гомелі давядзецца пачакаць пару гадзін і перасесці на адзіную электрычку, якая ідзе наўпрост да Чарнігава. Час яе адпраўлення – 06.23 раніцы. Кошт вандроўкі 20 тысяч беларускіх рублёў.

Таксама ёсць магчымасць паехаць на Be Free на аўтобусах, што ладзяць арганізатары:

Віталь Супрановіч: “Арганізатары будуць ладзіць аўтобусы для жадаючых паехаць на фэст. Калі вы жадаеце паехаць арганізавана на гэтых аўтобусах, вам трэба звязацца са Зміцерам Каспяровічам па тэлефоне +375 29 622 57 20(velkom). Выезд плануецца ў пятніцу 22-га ўвечары, у суботу-нядзелю адбудзецца фестываль, а назад людзі прыедуць раніцай у панядзелак”.

І яшчэ. Арганізатары Be Free шукаюць валанцёраў, якія б маглі займацца ўладкаваннем жыцця намётавага мястэчка, працай ў інфармацыйным пункце і іншымі  пытаннямі фэсту! Усе жадаючыя могуць дасылаць лісты з кантактнай інфармацыяй на адрас fest.svab[email protected]!

Фота: Еўрарадыё