У Віцебску завышаюць кошт на ўнітазы ды садавіну, а ў Магілёве — на рыбу

Большасць фактаў так званага неабгрунтаванага завышэння цэнаў у Віцебску тычыцца замежнай садавіны, бытавой тэхнікі ды сантэхнікі.
Як паведамілі у аддзеле кантролю за цэнамі аблвыканкама, адзіная структура, дзе пакуль не выкрыты парушэнні, гэта спажыўкааперацыя. У астатніх – ад буйных гандлёвых прадпрыемстваў да індывідуальных прадпрымальнікаў – хоць што-небудзь, ды прадавалася па неабгрунтавана вялікім кошце.

“Падклалі свінню” віцебскім гандлярам мінскія пастаўшчыкі, якія прапанавалі шэраг імпартных тавараў па завышаным кошце. Некаторыя “кропкавыя” праверкі праводзяцца па сігналах грамадзян.

Цікава, што ніхто пакуль не патэлефанаваў у кантралюючыя органы са скаргай на падаражанне прадуктаў. Былі сігналы толькі наконт завышэння кошту на DVD-дыскі, абслугоўванне дамафонаў, некаторыя іншыя прамысловыя тавары.

А вось магілёўскія гандляры завышаюць кошты на свежамарожаную рыбу, садавіну і гародніну. Парушэнні былі выяўленыя на 4 аб’ектах з 6 правераных.

Як паведаміў Еўрарадыё Юрый Пачуйко, загадчык сектара цэнаўтварэння ўпраўлення эканомікі Магілёўскага гарвыканкама, па фактах праверак складзеныя 4 пратаколы, якія будуць перададзеныя у гаспадарчы суд. Але пратаколаў можа быць і больш, таму што праверкі працягваюцца, а самі пратаколы складаюцца на кожнае парушэнне асобна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі