Вы тут

У справе пра дамоўныя футбольныя матчы фігуруе і ФК "Граніт"

Фота: БЕЛТА

Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы пра дамоўныя матчы на футбольным чэмпіянаце Беларусі. Гаворка ідзе пра каманды як вышэйшай, так і першай лігі.

Па звестках следчых, грамадзяне Украіны ды Расіі перадавалі асабіста і праз пасярэднікаў грошы футбалістам беларускіх камандаў каманд, каб уплываць на вынік спаборніцтваў. Потым на перамогу дамоўленай каманды ставіліся буйныя сумы ў замежных букмекерскіх канторах.

Падчас расследавання выявіўся яшчэ адзін раней не агучаны выпадак дамоўнага матча. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, цяпер у матэрыялах справы фігуруе таксама паядынак Кубка Беларусі з удзелам ФК "Граніт" (Мікашэвічы).

Абвінавачанымі па крымінальнай справе праходзяць 20 чалавек, у тым ліку былы футбаліст клуба "Граніт". Прычым Следчы камітэт спыніў расследаванне супраць пяці з іх у сувязі з дзейным раскаяннем.

Паводле інфармацыі следства, усе абвінавачаныя далі прызнальныя паказанні і кампенсавалі дзяржаве незаконна атрыманы даход.

Следства падасць старшыні Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоўва, якія спрыялі злачынствам.

Цяпер падследныя знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Потым на працягу месяца справу 15 абвінавачаных перададуць пракурору для накіравання ў суд.