Вы тут

У Слаўгарадзе двухгадовае дзіця вывалілася з акна чацвёртага паверха

У момант надзвычайнага здарэння мама была ў ваннай / БЕЛТА, фота носіць ілюстрацыйны характар

Двухгадовы хлопчык вываліўся з акна чацвёртага паверха ў Слаўгарадзе, што ў Магілёўскай вобласці, паведамляе СК.

Надзвычайнае здарэнне адбылося 25 траўня. Маці дзіцяці была ў ваннай, дома знаходзілася яшчэ старэйшая дачка. У нейкі момант яна адкрыла акно на кухні, каб паклікаць дадому брата і сястру, якія гулялі на дварэ. Потым дзяўчынка выйшла з кухні, акно пры гэтым яна не зачыніла.

Калі хлопчык застаўся на кухні адзін, ён падцягнуў да акна крэсла, залез на падваконне і абапёрся на маскітную сетку. Сетка парвалася, і ён вываліўся з акна. Кватэра сям'і размешчаная на чацвёртым паверсе.

Хлопчык жывы, але цяпер знаходзіцца ў бальніцы. Лекары ацэньваюць яго стан як "стабільны са станоўчай дынамікай". Следчыя пачалі праверку па гэтым факце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.