Вы тут

У Сан-Францыска беларусу прад'явілі абвінавачанні за рассылку лістоў з атрутай

Турма Pelican Bay / inside.sou.edu

Калегія прысяжных у судзе Сан-Францыска прад'явіла абвінавачванні 34-гадоваму грамадзяніну Беларусі Уладзіславу Цімашчуку. Яго абвінавачваюць у перадачы таксічнага рэчыва для выкарыстання ў якасці зброі, рассылцы паведамленняў з пагрозамі і перасылцы шкоднаснага рэчыва, піша reform.by са спасылкай на паведамленне пракуратуры Паўночнай акругі Каліфорніі.

У 2016 і 2018 гадах супрацоўнікі каліфарнійскай турмы строгага рэжыму Pelican Bay перахапілі два лісты, якія прыйшлі з Беларусі. У канвертах утрымлівалася атрута — рыцын. Першы ліст прызначалася начальніку турмы, у ім была цыдулка: "УВАГА! ТАКСІЧНА! ГЭТЫ ЛІСТ ЗАРАЖАНЫ СМЯРОТНЫМ ПАРАШКОМ РЫЦЫНАМ". Другі ліст быў адрасаваны аднаму са зняволеных, які фігуруе ў паведамленні як A.C., да яго было прыкладзена патрабаванне неадкладна вызваліць А.С.

ФБР суаднесла гэтыя лісты з пагрозамі кожны дзень забіваць школьнікаў у каліфарнійскім горадзе Анахайм, якія паступалі ў 2017 годзе. Невядомы пагражаў кожны дзень забіваць па адным школьніку, пакуль з турмы Pelican Bay не выпусцяць зняволенага A.C. Расследаванне гэтых выпадку вяла гарадская паліцыя Анахайма.

Зняволеныя ў турме Pelican Bay / inside.sou.edu

У 2019 году Бюро турмаў перахапіла калядную паштоўку, якую Уладзіслаў Цімашчук (Vladislav Victorvic Timoshchuk) адправіў з Беларусі "Унабомберу" Тэадору Качыньскаму (той адбывае пажыццёвы тэрмін за рассылку пасылак з бомбамі з 1978 па 1995 год). У паштоўцы Цімашчук узяў на сябе адказнасць за пагрозы школьнікам з Анахайма і прасіў парады наконт таго, як лепш адправіць рыцын па пошце ў ЗША.

За выкарыстанне таксічных рэчываў у якасці зброі ў ЗША прадугледжана пажыццёвае зняволенне, іншыя абвінавачанні прадугледжваюць ад 1 года да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Па звестках KRCR News, Уладзіслаў Цімашчук ужо бываў у амерыканскай турме. У 2006 годзе ён трапіў туды за рабаванне, крадзеж і прымяненне сілы ў дачыненні да службовай асобы. У 2011 годзе яго вызвалілі датэрмінова, а пасля гэтага дэпартавалі ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.