Вы тут

У Рэчыцы лавілі мужчыну, які зламаў руку ДАІшніку: "Ён за будкай, пацаны!"

Міліцыянеры вядуць затрыманага / Скрыншот з відэа МУС

У Рэчыцы 42-гадовы мясцовы жыхар зламаў руку ДАІшніку. Здарэнне адбылося раніцай 6 чэрвеня. На адной з вуліц супрацоўнікі ДАІ спынілі матацыкл з каляскай. Мужчына схітраваў — заявіў, што вадзіцельскае пасведчанне пакінуў дома. Як паведамляе ў Telegram прэс-служба МУС, пакуль названыя ім непраўдзівыя даныя правяралі ў базе, ён кінуўся бегчы — у міліцыю ехаць ён не хацеў.

Пачалася пагоня. Мужчына пераскочыў праз плот і апынуўся на тэрыторыі нейкай арганізацыі. Але там яго дагнаў адзін з ДАІшнікаў. Пры затрыманні матацыкліст аказаў адчайнае супраціўленне і зламаў руку праваахоўніку. У выніку затрымаць зламысніка ўдалося толькі з дапамогай нарада Дэпартамента аховы. Высветлілася, што затрыманага два гады таму пазбавілі права на кіраванне транспартнымі сродкамі — ён уцёк з месца здарэння пасля ДТЗ. Да заканчэння тэрміну пакарання заставалася некалькі месяцаў.

У дачыненні мужчыны распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Складзены і адміністрацыйны пратакол за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае такога права.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.