У Польшчы, Францыі і Галандыі стартавала акцыя ў справе вызвалення Казуліна

Акцыя напісання лістоў Аляксандру Лукашэнку ў справе вызвалення Аляксандра Казуліна стартуе ў Польшчы, Францыі і Галандыі. Іх арганізуюць ініцыятыва "Вольная Беларусь" і "Міжнародная амністыя".

Вось узор ліста: “Ваш палітычны праціўнік два гады знаходзіцца ў турме, асуджаны на цяжкае зняволенне за выступ супраць парушэння дэмакратычных стандартаў у прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. У вачах сусветнай супольнасці ён з'яўляецца вязнем сумлення і ахвярай дзяржавы, якая нішчыць сваіх грамадзянаў. Асабліва абуральныя Вашыя паводзіны перад абліччам сямейнай трагедыі, якая напаткала Аляксандра Казуліна ў апошнія дні: пасля шматгадовай хваробы памерла ягоная жонка Ірына Казуліна.

Смерць блізкага - гэта драма, якая не месціцца ў палітычных катэгорыях, і шантаж альбо спробы вымусіць ідэалагічныя заявы ў чалавека, які знаходзіцца ў такой цяжкай сітуацыі, мы лічым замахам на людскую годнасць. Рашэнне аб часовым вызваленні Аляксандра Казуліна для ўдзелу ў пахаванні жонкі мы лічым недастатковым.

Мы перакананыя, што ёсць толькі адна рэч, якая б магла прывесці для частковага адкуплення вялізнай шкоды, якую Аляксандру Казуліну нанесла Вашая ўлада. Гэтая рэч - безумоўнае вызваленне з турмы і ўстрыманне ад усіх пераследаў і рэпрэсіяў, так, каб ён мог абсалютна вольным чалавекам перажыць развітанне з блізкай асобай, а потым вярнуцца да нармальнага функцыянавання ў грамадстве. Таму мы патрабуем, каб Аляксандр Казулін апынуўся на волі”.


Лісты пісаць заклікаюць вядомыя людзі зь міжнародным аўтарытэтам: Адам Міхнік, Марэк Эдэльман, Аляксандар Смоляр (Польшча), Андрэ Глюксман (Францыя), Сэмэн Глузман, Міраслаў Мырановіч (Украіна), Сяргей Кавалёў (Расія), паведамляе gazeta.pl.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі