У Пецярбургу прайшоў пікет з заклікам вызваліць у Беларусі Сафію Сапега

7 чэрвеня ў Пецярбургу прайшоў адзіночны пікет з заклікам вызваліць у Беларусі палітзняволеную Сафію Сапега. З плакатам да аддзялення беларускага пасольства выйшаў Андрэй Чарныш. Ні паліцэйскіх, ні беларускіх дыпламатаў побач не аказалася, піша мясцовае выданне. Пікетовец заявіў, што абураны бяздзейнасцю расійскіх уладаў, якія ніяк не паспрабавалі абараніць грамадзянку Расіі.

Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву і быў пасаджаны ў Беларусі 23 траўня 2021-га. У пачатку траўня 2022 года расіянка была асуджана на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд пастанавіў спагнаць з Сафіі каля 175 тысяч рублёў. Палітзняволеную прызналі вінаватай па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ ("распальванне сацыяльнай варожасці", "незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці..." і г. д.). Сцвярджаецца, што яна адміністравала тэлеграм-канал, дзе публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што Сафію Сапега могуць перадаць у Расію. А пакуль яна пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.